«У СІЗА Віталіка гвалцілі і гасілі аб скуру недапалкі», – маці хворага хлопца, асуджанага на 9 гадоў калоніі


Напрыканцы 2015 году жыхарка Гомля Святлана К. адправіла прыёмнага сына з псіханеўралагічным захворваннем у санаторый. На той момант Віталю было 16. Праз два месяцы ў дом Святланы ўварваліся міліцыянты, без тлумачэнняў закавалі падлетка ў кайданкі і павезлі ў мясцовы аддзел Следчага камітэту. Віталя падазравалі ў згвалтаванні 8-гадовага дзіцяці.

У 5 год Віталь Г. застаўся круглым сіратой і атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. У выніку хлопец адстае ў інтэлектуальным развіцці, хварэе на дэменцыю, вымушаны прымаць медыкаменты. У 2010 годзе Святлана, якая працавала педагогам у інтэрнаце ў мястэчку Беліцы, аформіла апеку над Віталём. Акрамя яго, жанчына гадуе дзвюх дачок.

Сын Вольгі П. са Жлобіна апынуўся ў адным санаторыі з Віталём. Па вяртанні дзіця не спяшалася скардзіцца маці – толькі праз два месяцы ў размове са школьным псіхолагам хлопчык прыгадаў, што Віталь яго згвалціў. Псіхолагі настойліва параілі звярнуцца ў міліцыю. Пасля дагляду, лекар паставіў дыягназ «анальная трэшчына», але… забыўся паставіць побач пытальнік. Пазней з гэтай нагоды яму давялося пісаць тлумачэнне. Але ж верагоднай прычынай трэшчыны медык назваў звычайны запор.

Тым не менш, праваахоўнікі распачалі следства па факце сексуальнага гвалту над непаўнагадовым. Падчас судова-медычнай экспертызы, Паўла (імя дзіцяці змененае) неаднаразова даследавалі практолагі. Ні разрыву тканак, ні кровападцёкаў, характэрных для наступстваў гвалтоўнага акту, спецыялісты не выявілі. Нягледзячы на гэта, у сакавіку 2016-га году Віталя Г. узялі пад варту і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3. Падлетку інкрымінавалі ч.3 артыкулу 167 Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае найбольш суворае пакаранне за сексуальны гвалт – ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Падчас аднаго са спатканняў у СІЗА падлетак распавёў прыёмнай маці – ў камеры яго «ставілі ракам, здымалі штаны і запіхвалі штосьці ў азадак».

«Ён падняў кофту і я ўбачыла сінякі, драпіны на целе, сляды ад цыгарэтных бычкоў на руках. Віталік казаў, што гвалцілі менавіта сукамернікі. Ён клікаў міліцыянтаў, але ніхто не прыйшоў, клікаў фельчара, але ў дакументах зафіксавана, што па дапамогу мой сын не звяртаўся», – гаворыць Святлана ў інтэрвю «Белсату».

Тады ж Віталь паспеў сказаць – следчыя прымусілі яго падпісаць «нейкую паперу». Як пазней высветліла Святлана, гэта была яўка з павіннай. На допытах Віталю часта рабілася блага, выклікалі хуткую дапамогу.

«У майго падапечнага на першым жа допыце здарыўся прыступ. Пачаліся сударгі, моцна забалела галава. Лекі яму паабяцалі толькі калі падпіша дакумент. Пры гэтым ні мяне, законнага прадстаўніка, ні адваката побач не было», – кажа Святлана.

Святлана неадкладна напісала заяву кіраўніцтву СІЗА з просьбай правесці праверку. Яна таксама звярнулася ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў СІЗА №3 і сукамернікаў Віталя, але атрымала ліст з адмовай.

Пакуль Святлана дамагалася расследавання, з пацярпелым Паўлам пагутарыла псіхолаг Гомельскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтру Настасся Захожая. Дзіця ў маляўнічых дэталях апісвала жорсткі акт сексуальнага гвалту над сабой. Гэтыя паказанні адыгралі значную ролю для абвінавачвання.

Сёлета мясцовыя органы апекі пачалі пагражаць Святлане, што забяруць і яе дачок. 22 сакавіка тая ж псіхолаг Захожая выклікала яе на размову і назвала «злачынцай».

«Яна паабяцала зрабіць усё адпаведна з указаннямі, якія паступілі датычна маёй сям’і і мяне асабіста. Патрабавала, каб я прывяла да яе малодшую дачку. Казала, што пасля прыватнай размовы дзяўчынка падпіша ўсё, што трэба»

Мы патэлефанавалі Настассі Захожай і папрасілі яе пракаментаваць сітуацыю.

«Я ніколі не працавала з Паўлам, мы не знаёмыя. Не магу вам нічога больш сказаць, звяртайцеся да адміністрацыі нашага сацыяльна-педагагічнага цэнтру і ў Следчы камітэт», – рэзка перарвала дыялог псіхолаг.

Дырэктар установы, Святлана Жукава, сказала:

«Я вашаму тэлеканалу не буду даваць каментар. Дзіцяці, пра якое вы пытаецеся, у нас ніколі не было».

У СІЗА №3 ад каментару адмовіліся. Катэгарычнай адмовай на зварот «Белсату» адрэагаваў і начальнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч:

«Вы тут увогуле незаконна працуеце, ніколі ніводная структура МУС не будзе даваць каментар вашаму тэлеканалу, які ўсё пераварочвае з ног на галаву».

Журналісты праекту «Людскія справы» раней ужо гутарылі з Вольгай П., маці пацярпелага. Тады жанчына сказала: «гэта сістэма ў нас такая», а ўскоснай адказнасці за лёс Віталя яна не адчувае. Цяпер жа Вольга змяніла нумар мабільнага тэлефону, таму звязацца з ёй не ўдалося.

29 снежня суд Гомельскага раёну прызнаў Віталя Г. вінаватым у згвалтаванні непаўнагадовага і пакараў 9 гадамі пазбаўлення волі. Паседжанне прайшло ў закрытым рэжыме. Свой 18 дзень народзінаў Віталь сустрэў у выхаваўчай калоніі ў Бабруйску. Святлана К. падала апеляцыю ў Вярхоўны суд. На пытанне, адкуль у хлопца на целе сляды гвалту, дагэтуль няма адказу.

КАМЕНТАР ЭКСПЕРТА

Павал Сапелка, Праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Праверка, якая праводзілася ў СІЗА, была неабектыўнай. Цялесныя пашкоджанні ў падлетка зафіксаваныя падчас судова-псіхіятрычнай экспертызы, але адказнасці за збіццё ніхто не панёс. Следства не высветліла ўсіх абставінаў, таму няма падставаў не верыць Віталю. І мы цалкам дапускаем, што Віталя гвалцілі з ведама міліцыянтаў. Яны маглі свядома ўчыніць правакацыю, прапаноўваючы сукамернікам хлопца розныя прэферэнцыі. Да таго ж, змяшчаць хворага падлетка ў агульную камеру з дарослымі – гэта яшчэ адно грубае парушэнне».

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў