У СІЗА Чарнігава ўжо чатыры месяцы знаходзіцца беларус, якога падазраюць у шпіянажы. Сваю віну ён не прызнае


Беларус, якога ў чэрвені затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, да канца лістапада будзе ўтрымлівацца ў СІЗА ў Чарнігаве. Мужчына сваю віну поўнасцю адмаўляе.

Беларуса затрымалі ва Украіне 16 чэрвеня. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны (шпіянаж), а менавіта ў «зборы з мэтай перадачы замежнай дзяржаве звестак, якія ўяўляюць дзяржаўную таямніцу, учыненым замежнікам». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Прычым невядома, у шпіянажы на карысць якой дзяржавы яго падазраюць.

Прадстаўнікі беларускай амбасады пастаянна наведваюць мужчыну ў Чарнігаўскай СІЗА, дзе ён утрымліваецца з чэрвеня. Затрыманы – мянчук, яму 32 гады. Акрамя прадстаўнікоў амбасады ў СІЗА мужчыну наведвае маці і адвакат, прызначаны ўкраінскім бокам.

«Яму перадаюць прадукты, рэчы. Ніякіх скаргаў з нагоды ўмоваў утрымання ён не выказваў, – распавёў TUT.BY старшы саветнік, консул амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў, – У яго ёсць праблемы са здароўем, але пасля нашых настойлівых патрабаванняў украінскі бок праводзіць медабследаванне грамадзяніна. Вынікаў пакуль няма, але мы трымаем сітуацыю пад кантролем. Маральна-псіхалагічны стан чалавека, якога чатыры месяцы трымаюць у СІЗА, няпросты. Але, у цэлым, ён трымаецца і поўны рашучасці адстойваць сваю невінаватасць. Тэрмін знаходжання пад вартай вызначаны – да канца лістапада. Следства таксама падоўжанае па 30 лістапада».

У чэрвені мянчук прыбыў ва Украіну не ўпершыню: ён перыядычна прыязджаў туды да сяброў і знаёмых. У апошні свой прыезд мужчына спрабаваў уладкавацца на працу ў лагістычную фірму ў Чарнігаве. Там яго і затрымалі. Сваю віну мужчына адмаўляе.

На мінулым тыдні беларускі МЗС заявіў, што сітуацыя з затрыманнем беларуса выклікае пытанні аб мэтазгоднасці і правамернасці дзеянняў украінскага боку.

 

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў