У Сірыі загінуў яшчэ адзін расеец з прыватнай кампаніі «Вагнэра»


У Сірыі загінуў яшчэ адзін расеец – 25-гадовы Марк Неймарк з горада Мегіён Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Як паведаміў партал Ura.ru, ён падарваўся на міне. Калі менавіта гэта адбылося, невядома. 17 кастрычніка ў Неймарка пахаваюць на радзіме.

Ura.ru адзначае, што расеец з’ехаў у Сірыю летам гэтага года. Паводле дадзеных незалежнай раследвальніцкай групы Conflict Intelligence Team (CIT), Неймарк служыў у складзе расейскіх сіл спецыяльных аперацый. Аднак міністэрства абароны РФ аб гібелі Неймарка ня паведамляла.

Пазней bbc.com высветліла, што загінулы быў байцом прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра» і ягоная жонка ўжо атрымала кампенсацыю.

Раней у панядзелак у CIT заявілі, што за апошнія месяцы ў Сірыі загінулі як мінімум дзевяць байцоў расейскай незарэгістраванай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра. Усяго, паводле дадзеных Reuters, толькі з пачатку 2017 года ў Сірыі загінулі не менш за 40 расейскіх вайскоўцаў.

Мінабароны Расеі афіцыйна пацвердзіла гібель толькі каля 10 чалавек.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў