У Сірыі загінуў расейскі вайсковы дарадца


У Сірыі загінуў расейскі вайсковы дарадца, які знаходзіўся ў размяшчэнні сірыйскай арміі.

Пра гэта ўвечары 3-га лютага паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на міністэрства абароны РФ.

Афіцэр, імя якога не называецца, быў смяротна паранены ў выніку мінамётнага абстрэлу сірыйскага вайсковага гарнізону баевікамі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

Расейскага вайскоўца пасмяротна прадставілі да дзяржаўнай узнагароды.

Расейскі вайсковы дарадца ў Сірыі дапамагаў сірыйскай арміі асвойваць новае ўзбраенне, якое пастаўляюць з Расеі, паведамілі ў Мінабароны Расеі.

Расея з 30 верасня 2015 года праводзіць ваенную аперацыю ў Сірыі на просьбу ўраду краіны. Паводле афіцыйных заяваў, мэтай кампаніі зʼяўляецца падтрыманне войска Башара Асада ў барацьбе з тэрарыстамі.

У канцы кастрычніка 2015 годзе на расейскай вайсковай базе ў Сірыі загінуў кантрактнік Вадзім Кастэнка. Мінабароны абʼявіла прычынай ягонай гібелі самагубства. Блізкія Кастэнкі адмовіліся падтрымаць гэтую версію.

24 лістапада 2015 года турэцкія знішчальнікі збілі расейскі бамбавік Су-24. У выніку загінулі камандзір экіпажу Алег Пяшкоў і марскі пяхотнік Аляксандр Пазыніч, які ўдзельнічаў у аперацыі па выратаванні штурмана самалёта.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў