У Сірыі забілі расейскага генерала, які раней кіраваў баевікамі «ДНР»


Генерал-лейтэнант Валерый Асапаў загінуў у Сірыі падчас абстрэлу з боку тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».

Пры якіх абставінах загінуў генерал?

Генерал Асапаў быў старэйшым групы расейскіх вайсковых дарадцаў. Ён дапамагаў сірыйскім камандзірам ва ўпраўленні аперацыяй па вызваленні гораду Дэйр эз-Зор. Расейскі вайсковец загінуў на камандным пункце падчас мінамётнага абстрэлу, які тэрарысты вялі цягам некалькіх дзён без перапынку па пазіцыям сірыйскай арміі і жылым кварталам. Асапаў быў смяротна паранены ў выніку разрыву міны.

Радыёстанцыя «Говорит Москва» са спасылкай на крыніцу ў штабе арміі удакладняе, што разам з Асапавым забітыя два палкоўнікі. Крыніца паведаміла, што праз дакладнасць абстрэлу разглядаецца версія здрады. У сацсетках пішуць, што разам з генералам загінуў перакладчык.

Асапова пасмяротна прадставілі да высокай дзяржаўнай узнагароды – Ордэну Мужнасці.

Да камандзіроўкі ў Сірыю генерал-лейтэнант быў камандуючым 5-й агульнавайсковай арміі (Усходняя ваенная акруга).

Вясной 2016 года ўкраінская выведка паведамляла, што Валеры Асапаў кіраваў баевікамі «ДНР» на Данбасе – узначальваў так званы «1-ы армейскі корпус», які дыслакуецца ў Данецку.

Факты ўдзелу Асапава ў ваенных злачынствах на часова акупаваных тэрыторыях у Данбасе перададуць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, паведамляе inforesist.org.

ІІ/ДР belsat.eu

Стужка навінаў