У Сірыі з пачатку года загінуў 131 расеец – Reuters


Цягам дзевяці месяцаў 2017 года ў Сірыі загінулі мінімум 131 расейскіх жаўнеры, у тым ліку найміты. Расійскія ўлады не змаглі пракаментаваць гэтую інфармацыю.

Агенцтва атрымала доступ да пасведчання аб смерці, якое выдала расейскае консульства ў Дамаску 4 кастрычніка 2017 года. Даведка пра смерць з нумарам 131 выдадзеная на імя 36-гадовага Сяргея Паддубнага. Нумэрацыя даведак аб смерці, паводле правілаў, штогод пачынаецца з нумара адзін, паведамляе Reuters.

У пасведчанні аб смерці пазначаная прычына смерці – «асмальванне цела». Расеец загінуў 28 верасня ў горадзе Тыяс, правінцыя Хомс, дзе вядуцца жорсткія баі з баевікамі. Паводле сваякоў Паддубнага, ён ваяваў у Сірыі ў складзе прыватнай ваеннай кампаніі. З пачатку года ў Сірыі ўжо забілі некалькі расейскіх наймітаў.

Мінабароны Расеі афіцыйна пацвярджае гібель толькі каля 16 вайскоўцаў.

Па шматлікіх сведчаннях, найміты сакрэтна ваююць у Сірыі ў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра» пад камандаваннем былога падпалкоўніка спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна (пазыўны «Вагнэр»). «Вагнэраўцы» бралі ўдзел у вайне на Данбасе і штурме Пальміры ў Сірыі.

У складзе «Вагнэра» ваяваў і беларус, 42-гадовы беларус Аляксей Ярашэвіч. Ён загінуў 19 верасня. Ярашэвіч таксама быў сябрам клубу «Начных ваўкоў».

Нядаўна да вагнэраўцаў далучыўся неанацыст Аляксей Мільчакоў, які трэнаваў беларускіх падлеткаў у адмысловых лагерах у Расеі. Рабілася гэта сумесна з правымі радыкаламі з суполкі E.N.O.T Corp.

 

Глядзі таксама
Каментары