У Сірыі выкарысталі хімічную зброю. Шэсць асобаў, у тым ліку трое дзяцей, загінулі


У выніку атакі сірыйскага войска з ужываннем атручвальнага газу на мястэчка Сармін у правінцыі Ідліб, што на паўночным захадзе краіны, загінулі 6 асобаў.

Трое дзяцей, іхная маці, бацька і бабуля былі знішчаныя падчас нападу: на паселішча скінулі бомбы. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе праваабарончая арганізацыя «Syrian Observatory for Human Rights».

Мясцовыя лекары пацвярджаюць, што смерць ахвяраў наступіла ў выніку атручвання газам. Паводле папярэдніх звестак, гэта быў хлор.

Сірыйскія войскі факт нападу адмаўляюць.

Хлор не агаворваецца ў Пагадненні аб знішчэнні арсеналу зброі масавага паражэння. Сірыйская армія Башара аль-Асада неаднаразова ўжывала яго супраць сваіх супернікаў падчас грамадзянскай вайны.

У снежні СМІ паведамлялі, што тэрарысты «Ісламскай дзяржавы» выкарысталі яго супраць мірнага насельніцтва. Апошні такі выпадак быў зафіксаваны 23 студзеня 2014 года ў ваколіцах Масулу.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў