Вялізнае возера на мяжы знікнення. Хто вінаваты і якія наступствы?

video

Самае буйное штучнае возера Беларусі – Днепра-Брагінскае вадасховішча, якое месціцца ў памежным з Украінаю Лоеўскім раёне Гомельшчыны – імкліва плытчэе. У выніку вадаём зарастае травою і хмызам, а вада «цвіце».

«Узровень Дняпра на 30 метраў ніжэйшы за вадасховішча. Ваду трэба падняць магутнымі помпамі. Там стаіць пара магутных помпаў, трубы, канал зроблены. І тут месяцамі яны, калі быў вялікі паводак у рацэ, запампоўвалі ваду. Месяц яна запампоўвалася. А зарыбленасць тут была ў 14 разоў большая, чым у рацэ», – тлумачыць мясцовы рыбак.

Помпы, якія раней спраўна цягнулі ваду з Дняпра, стаяць другі год. Плюс спёка. У выніку, ад праектных глыбіняў чатыры з лішкам метры няма і паловы, а таму з вышыні можна разгледзець і канавы на дне вадасховішча, і затопленыя вёскі. У адрозненне ад… перспектывы вадаёма, на аднаўленне якога, паводле падлікаў, патрэбны прынамсі Br 1 млн. дэнамінаваных рублёў.

Грошай на аднаўленне няма, але рыбакі гатовыя заплаціць

«Мы і летась не запускалі вады, і ў гэтым не будзем. Няма ў планах! Няма грошай, не выдзяляюць», – прызнаецца Аляксандр Крупішчанка з Лоеўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў.

Разам з вадою сыходзіць у нябыт і былая слава вадасховішча ў рыбакоў. Замест сазана і шчупака цяпер тут цешацца з плотак ды карасікаў. Створанае 30 гадоў таму афіцыйна для палівання меліяраваных земляў, неафіцыйна – для сакрэтных вайсковых выпрабаванняў, сёння возера, паводле рыбакоў, гэта, хутчэй, сімвал безгаспадарлівасці – нягледзячы нават на наяўнасць арандатара, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Шчукіна».

«Хай бы з рыбакоў знялі б хаця б па Br 5! З кожнага рыбака па Br 5 – і ваду запампавалі б! Сюды рыбакоў прыязджае шмат вельмі!». – упэўнены рыбак Генадзь Кацькін.

«Трэба, каб вада зʼявілася. Калі ёсць арандатар, то трэба, каб нармальны быў арандатар, які хай браў бы нават грошы, але зарыбляў бы гэты вадаём, даглядаў і абслугоўваў яго. Па-другое, сюды трэба нармальных «зялёных», каб абʼехалі тут і каралі кожнага за раскіданае смецце на беразе», – дадае яшчэ адзін мясцовы рыбак.

Толькі за рыбу ўзяліся, птушкі зніклі!

Між тым, што дрэнна рыбе – добра… птушкам. Паводле арнітолага Паўла Пінчука, ён ніколі раней не бачыў тут столькі пярнатых, як сёлета. Сплытчэлае вадасховішча з захмызелымі выспачкамі прыцягвае да сябе не толькі мясцовых качак ды гусей, але нават мігрантаў з далёкай тундры. Зрэшты, і ў выраі, як высвятляецца, ёсць свае праблемы, галоўная з якіх – чалавек.

«Праблемы ў птушак тут узнікаюць з рыбакамі. Таму што як толькі пачынаецца сезон карыстання лодкамі, тут жа ўсе гэтыя выспы, на якіх гняздуюць чайкі і качкі, пачынаюць наведваць рыбакі – і ўсё, там адразу гінуць і гнёзды, і птушаняты», – кажа Павал Пінчук.

А таму, каб уратаваць вадасховішча і яго жыхароў, патрэбныя не толькі грошы, але і акрэслены ягоны статус. Зрэшты, прыйшла бяда і ўласна на Дняпро. Паводле папярэдніх звестак, прычына масавага мору рачной жыўнасці – прыродная: нястача кіслароду, выкліканага анамальнай спякотаю, а таксама дажджамі, якія залілі прыбярэжную расліннасць.

Валер Руселік, фота – islandmix.com

Глядзі таксама
Каментары