У Швейцарыі пацвярджаюць адстаўку спецпрадстаўніцы АБСЕ ва Украіне


Швейцарскія медыі са спасылкаю на МЗС паведамляюць пра хуткую адстаўку Гайдзі Тальявіні (Heidi Tagliavini) – спецпрадстаўніцы АБСЕ, што кіруе місіяй ва Украіне. Афіцыйныя прычыны пакуль не названыя.

Швейцарскую дыпламатку Гайдзі Тальявіні прызначылі спецпрадстаўніцаю старшыні АБСЕ ва Украіне каля года таму. Тальявіні рэпрэзентавала АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. У кантактную групу ўваходзяць па адным прадстаўніку ад Украіны, Расеі ды АБСЕ. У яе працы таксама бяруць удзел прадстаўнікі ДНР і ЛНР.

Паводле адной з версій, адстаўка Тальявіні звязаная са зрывам паседжання трохбаковай кантактнай групы ў Менску 2 чэрвеня. У той дзень адбыліся паседжанні ўсіх чатырох рабочых падгруп, створаных у межах трохбаковай групы: у справе бяспекі, а таксама ў палітычных, эканамічных і гуманітарных пытаннях. Па выніках іх працы планавалася сустрэча кантактнай групы, аднак паседжанне перанеслі.

Як заявіла Тальявіні журналістам, усе падгрупы «працавалі ў канструктыўным духу і ў шматлікіх пытаннях дасягнулі кансэнсусу». «Але гэта ўсё вельмі складаныя пытанні», – дадала яна.

Усе сустрэчы дзеля ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне праходзяць у закрытым рэжыме, таму ў СМІ паступае мінімальная інфармацыя пра хаду перамоваў. Паводле неафіцыйных звестак, 2 чэрвеня ў Менску бакам не ўдалося дасягнуць кампрамісу ў шэрагу прынцыпова важных пытанняў, у тым ліку аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Украіны і правядзенні выбараў на Данбасе. У сувязі з гэтым Тальявіні і прыняла рашэнне перанесці абмеркаванне пытанняў папярэдне на 16 чэрвеня.

Тым часам сітуацыя на ўсходзе Украіны за апошнія дні рэзка абвастрылася. 5 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра гатовасць арганізаваць экстранную сустрэчу трохбаковай кантактнай групы.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў