У Шчучыне Якубовіч разагнаў АМАПаўцаў


Свята гораду ў Шчучыне прайшло на тэрыторыі былога вайсковага аэрадрому. Не дзіўна, бо за савецкім часам горад быў месцам дыслакацыі лётнай вайсковай часткі, салідная колькасць сённяшніх шчучынцаў – адстаўныя лётчыкі і іх сем’і. Таму кожны дзень гораду тут мае выразны «авіяцыйны» акцэнт.

За Якубовіча! Бо ён – «справядлівы»

Арганізатары абяцалі палёты верталётаў, самалётаў ды парапланаў, выставу вайсковай тэхнікі ды рэтра-аўтамабіляў… Аднак ледзьве не галоўнай «фішкай» фэсту стаў прыезд расейскага шоўмена Леаніда Якубовіча. Справа ў тым, што бяззменны вядоўца «Поля цудаў» сам з’яўляецца аматарам авіяцыі, а ў дадатак да ўсяго мае беларускія карані, таму мясцовая ўлада яго і запрасіла.

«Дзе ён? Дзе Якубовіч?», – пыталіся ў навакольных дзве бабулькі год па 70, – «нам сказалі, што будзе, дзе ён?!»

На пытанне, чаму жанчыны хочуць пабачыць менавіта Якубовіча, чуем адказ: «Бо ён справядлівы!» – нібы гаворка ідзе пра цара або прэзідэнта… Аднак прабіцца да Леаніда Аркадзіевіча аказалася не так і проста: тэлезорку суправаджалі чацвёра АМАПаўцаў у чорным ды падпалкоўнік міліцыі.

Калі ж шоўмен налюбаваўся самалётамі ды ўбачыў натоўп, які паспеў сабрацца за ягонаю спіной, то пачаў адчытваць АМАПаўцаў: «Навошта вы тут стаіце?!» Службоўцы, разам з разгубленым падпалкоўнікам, у момант адышлі ў бок, дазволіўшы людзям дарвацца да куміра. Бабулькі плакалі.

Генеральскі мундур за 50 долараў на гадзіну

Яшчэ адным героем фестывалю нечакана аказаўся мужчына сталага веку ў генеральскім касцюме часоў савецкага «Застою». Ён прыехаў з Берасця на сапраўднай белай «Чайцы», што выклікала фурор у мужчынскай часткі наведнікаў. Па легендзе, на ёй ездзіў асабіста Брэжнеў, праўда, усяго пару месяцаў.

«А што? Людзям падабаецца», – тлумачыць сівы «генерал», – «Чайку здаю для святаў і вяселляў: усяго 100 долараў за гадзіну. Генеральскі мундур – 50…»

Перыядычна ў машыну нехта спрабаваў залезці, аднак гаспадар дзелавіта ганяў нахабаў. Звонку фатаграфавацца можна, а вось унутры – толькі за асобную плату.

Спецназ біў цагліны пад Рамштайн

Не абышлося і без паказальнага выступу спецназу. Байцы ўзарвалі некалькі дымавых шашак, пастралялі халастымі набоямі ды прадэманстравалі навыкі рукапашнага бою. Усё гэта адбывалася пад гул самалётаў, якія ўзляталі, ды рытмічныя кампазіцыі «Рамштайну».

Калі вайскоўцы пачалі біць цагліны з надпісам «Болю няма» аб галовы, у натоўпе пачуліся іранічныя галасы:

«У краіне будаўнічых матэрыялаў не хапае! А вы тут…» Падчас выступу аднаму з гледачоў стала дрэнна: па яго прыехала хуткая.

Звярнула на сябе ўвагу таксама вялікая колькасць дзяцей у берэтах ды камуфляжы. Калі добра прыгледзецца да знакаў, можна было заўважыць праваслаўныя крыжы ды надпіс «Дружына» на грудзі. Аказалася, што хлопцы з дзяўчатамі – адэпты чарговага праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клубу. Большасць з іх з выгляду вучні пачатковай школы…

АК belsat.eu

Стужка навінаў