У сеціва выклалі відэа, як ДАІшнікі разбілі шкло ў машыне і выцягнулі нязгоднага з імі кіроўцу

video

У інтэрнэце зʼявілася відэа канфлікту кіроўцы і прадстаўнікоў ДАІ, у выніку якога былі ўжытыя спецсродкі і фізічная сіла. Запіс змясціў на сваім канале YouTube беларускі відэаблогер, змагар за правы кіроўцаў Васіль Целагрэйкін.

Інцыдэнт адбыўся 8 лютага ў Наваградскім раёне: кіроўцу «Фольксвагену» даставалі з заблакаванай машыны з ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў.

У дачыненні да 28-гадовага мужчыны склалі пратаколы за тое, што ў яго не было пры сабе дакументаў (артыкул 18.18 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў), а таксама за непадпарадкаванне міліцыянтам (артыкул 23.4 КоАП)

Наваградскі суд прызнаў кіроўцу вінаватым у непадпарадкаванні і пакараў штрафам у памеры 10 базавых велічыняў (Br 2,1 млн).

Паводле афіцыйнай версіі гарадзенскай міліцыі, кіроўца «Фольксвагену» «паводзіў сябе абуральна, правакуючы канфліктную сітуацыю, а таксама адмовіўся паказваць правы ды іншыя дакументы». Яму прапанавалі выйсці з машыны і прайсці ў службовы аўтамабіль, аднак ён не пагадзіўся і заблакаваў дзверы свайго аўта. Пасля неаднаразовых папярэджанняў пра магчымае ўжыванне фізічнай сілы і спецсродкаў у прысутнасці панятых мужчыну затрымалі. Пры затрыманні ён аказваў актыўны фізічны супраціў.

У другой бока канфлікту версія прама супрацьлеглая. Знаёмыя з гісторыяй людзі распавядалі, што аўтамабіль спынілі інспектары з мэтай «праверкі дакументаў». Кіроўца «Фольксвагену» папрасіў назваць прычыну спынення і ўступіў у палеміку з ДАішнікамі з нагоды законнасці спынення без якога-небудзь падазрэння. У выніку мужчына вырашыў не паказваць інспектарам дакументы: міліцыянтам ён сказаў, што дакументаў няма, з парушэннем пагадзіўся і папрасіў вынесці пастанову паводле артыкулу за забытыя дома правы.

За забытыя дома правы належыць штраф да дзвюх базавых велічынь – да Br 420 тыс.

Інспектары адмовіліся выносіць пастанову. А пасля і зусім разбілі шкло ў машыне і дасталі кіроўцу, які, як запэўнівалі відавочцы, не супраціўляўся – і неаднаразова заяўляў пра тое, што згодны з парушэннем.

28 снежня міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч прапанаваў не штрафаваць кіроўцаў, якія забыліся дома правы. Кіраўнік МУС лічыць, што сёння кожны працаўнік ДАІ можа праверыць кіроўцу па базах дадзеных – цяперашні ўзровень развіцця тэхнікі гэта дазваляе зрабіць.

«Калі ён не парушальнік, належным чынам атрымаў пасведчанне кіроўцы, то, на мой погляд, падстаў караць яго за няпамятлівасць няма», – казаў Ігар Шуневіч.

Вялікі розгалас у Беларусі выклікала нядаўняе збіццё міліцыянтамі журналіста і двух актывістаў прама ў будынку суда.

Незалежныя журналісты пастанна зведваюць ціск з боку міліцыянтаў.

https://www.youtube.com/watch?v=cJzQXUXKmpU

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары