У сеціве створаць курсы беларускай мовы, якія будуць падзякай для беларусаў


Дармовыя інтэрнэт-курсы па вывучэнні беларускай мовы для палякаў і ўкраінцаў плануе зладзіць польскі партал porteuropa.eu, прысвечаны падзеям ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Курсы маюць быць падзякай для нацыянальна свядомых беларусаў, якія актыўна падтрымалі Майдан і барацьбу з тэрарыстамі ва Украіне, паведамляе «Украінская праўда».

На партале ўжо дзейнічаюць бясплатныя курсы ўкраінскай мовы для палякаў, якія ў выніку канфлікту на Данбасе зацікавіліся ўкраінскай тэматыкай і хочуць чытаць інфармацыю непасрэдна на ўкраінскіх сайтах, не выкарыстоўваючы мовы-пасярэдніцы. Паралельна на партале існуюць таксама курсы польскай мовы для ўкраінцаў, якія імкнуцца прынамсі добра разумець сваіх суседзяў.

«А гэта ўжо прамы шлях да таго, каб палякі і ўкраінцы свабодна размаўлялі адно з адным, кожны на сваёй мове, як гэта ёсць паміж палякамі і славакамі або паміж украінцамі і беларусамі», – распавёў аўтар курсаў Якуб Логінаў.

Беларусам, якія плануюць экскурсію ў Кракаў, вучобу ці працу ў Варшаве сайт таксама прапануе павучыцца польскай мове, праўда курс вядзецца па-ўкраінску. Каб запісацца на курсы, на сайце трэба запоўніць фармуляр, пасля чаго на электронную пошту падпісанта вышлюць патрэбныя матэрыялы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў