У Саудаўскай Аравіі жанчыны ўпершыню атрымалі права кіраваць аўтамабілем


Набыў моц каралеўскі ўказ, які афіцыйна здымае забарону жанчынам Саудаўскай Аравіі кіраваць аўтамабілем. Доўгі час Саудаўская Аравія была адзінай краінай у свеце, дзе існавала такая забарона, і сем’і вымушаны былі наймаць шафёраў для жанчын.

Кампанія за права саудаўскіх жанчын садзіцца за руль аўтамабіля доўжылася шмат гадоў. Супраць выступалі кансерватыўныя тэолагі.

Пра каралеўскае рашэнне было абвешчана ў мінулым верасні, а першыя правы жанчынам пачалі выдаваць у пачатку чэрвеня.

Тым не менш перад здыманнем забароны ўлады сталі ўзмоцнена змагацца з актывісткамі, якія выступалі за права жанчын. Па меншай меры восем чалавек былі затрыманыя ў мінулым месяцы, ім могуць пагражаць доўгія турэмныя тэрміны, паведамляюць праваабаронцы з Amnesty International.

Amnesty International таксама заклікала да далейшых рэформаў у Саудаўскай Аравіі, дзе жанчыны па-ранейшаму па законе знаходзяцца пад апекай мужчын.

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў