Кастусь Жукоўскі атрымаў першы пратакол у гэтым годзе


Незалежны журналіст з Гомлю атрымаў па пошце копію адміністрацыйнага пратаколу, які на яго склалі супрацоўнікі Акцябрскага РАУС.

У дакуменце напісана, што пратакол складзены паводле артыкула 9.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (абраза), але сутнасць парушэння нечытэльная.

Жукоўскі кажа, што гаворка ідзе пра наступствы канфлікту з кіраўніцай справамі Акцябрскага райвыканкаму Валянцінай Шлапаковай. 14 снежня журналіст-фрылансер быў у Акцябрскім, дзе здымаў сюжэт пра дарагія аўты, на якіх ездзяць чыноўнікі райвыканкаму.

Відэасюжэт пра дарагія аўты чыноўнікаў

Падчас здымак будынку райвыканкаму да Жукоўскага падышла кіраўніца справамі, запатрабавала дакументы і забараніла здымаць будынак.

«Яна мяне адштурхоўвала, хапалася за камеру, за маю вопратку, патрабавала акрэдытацыю. Але я яе не абражаў. Прадстаўнікі ўлады страцілі пачуццё межаў, гэта выклікана іх беспакаранасцю – страляюць у людзей, збіваюць іх аўтамі, і ім усё сыходзіць з рук. І дадзеная грамадзянка забылася, што яна слуга народа, а не спадарыня, якой усё дазволена», – заявіў фрылансер.

4 студзеня Кастусь Жукоўскі падаў заявы ў міліцыю і пракуратуру Акцябрскага раёну. У заяве ў пракуратуру Жукоўскі просіць прыняць меры ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія дапусцілі шэраг парушэнняў пры складанні адміністрацыйнага пратакола, сфальсіфікавалі звесткі, склалі дакумент так, што яго немагчыма прачытаць.

«Таксама мяне ніхто не інфармаваў наконт таго, што праходзіла папярэдняе расследаванне, у мяне не бралі паказанняў. Патрабую пакараць вінаватых і абавязаць супрацоўнікаў Акцябрскага РАУС выконваць заканадаўства, а таксама апытаць сведак і прагледзець запісы з камеры відэаназірання райвыканкаму», – просіць пракурора заяўнік.

Цяпер у судзе Цэнтральнага раёну Гомлю праходзяць слуханні па грамадзянскім пазове начальніка Лоеўскага РАУС Уладзіміра Бухаўцова, адказчыкам зʼяўляецца Жукоўскі.

Як вынікае з позвы, Бухаўцоў абразіўся на Жукоўскага праз тое, што на нашым тэлеканале выйшаў відэасюжэт з удзелам міліцыянта ды інфармацыяй пра ягоныя неправамерныя дзеянні адносна фрылансера. Міліцыянт патрабуе ад журналіста зняпраўдзіць інфармацыю, выкладзеную ў сюжэце, ды сплаціць маральную кампенсацыю памерам 2 тыс. рублёў.

На працягу 2015-2016 гадоў Жукоўскі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў