У Самары знішчылі партыю санкцыйнай свініны


Загад расейскага кіраўніцтва знішчаць санкцыйныя тавары «кожным даступным спосабам» спраўджваецца на справе.

У Самары сёння пазбавіліся партыі свініны, якую ўвезлі туды ў абыход прадуктовага эмбарга. А гэта, ні многа ні мала, шэсць фураў са 114 тонамі прадукцыі, якую затрымалі ў красавіку сёлета, паведамляе «РИА Новости».

Паводле дакументаў, свініна мела бразільскія карані. Аднак там яе прыналежнасць зняпраўдзілі, што вызвала падазрэнні Рассельгаснагляду. У ведамстве прыйшлі да высновы, што «хамон» прыехаў з дзікага Захаду.

Закон аб знішчэнні забароненых прадуктаў уступае ў сілу 6 жніўня. Адпаведны ўказ падпісаў Уладзімір Пуцін 29 ліпеня. Паводле дакументу, санкцыйныя тавары, выяўленыя на мяжы, у крамах і на складах, будуць знішчаць у прысутнасці як мінімум двух незалежных сведкаў і з фіксацыяй на відэа.

Некаторыя дэпутаты замест знішчэння прапанавалі накіроўваць непажаданыя прадукты на Данбас або аддаваць іх бедным і ўцекачам з Украіны. Адрэагавалі на карныя захады і інтэрнаўты.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў