У Самалі баевікі захапілі гатэль, дзе сабраліся міністры. Ёсць ахвяры


Не менш за 20 чалавек загінулі ў выніку нападу ў Магадзіша – роўна праз два тыдні пасля папярэдняй атакі, якая забрала 358 жыццяў. У гэты раз ісламісты зладзілі два выбухі і захапілі гатэль, дзе члены ўрада павінны былі правесці канферэнцыю па бяспецы, перадае Reuters.

Аблога гатэля працягвалася да раніцы нядзелі. Ёсць засцярогі, што колькасць ахвяр можа павялічыцца пасля агляду будынку.

Першы выбух прагрымеў у суботу, калі начынены выбухоўкай аўтамабіль урэзаўся ў гатэль у цэнтры сталіцы Самалі, размешчаны ў 600 метрах ад прэзідэнцкага палаца. Пасля гэтага ўзброеныя баевікі ўварваліся ў будынак.

Праз некалькі хвілінаў побач з былым будынкам парламента выбухнуў яшчэ адзін аўтамабіль. Ахвярамі двух выбухаў сталі 17 чалавек, у асноўным паліцыянты, сказаў агенцтву Reuters афіцэр паліцыі.

Паведамлялася таксама, што яшчэ некалькі чалавек былі застрэленыя ў захопленым баевікамі гатэлі, у тым ліку жанчыны, некалькі дзяцей і былы член парламента Самалі.

Усяго, як паведамляе паліцыя, ахвярамі сталі 25 чалавек.

У нядзелю ў гэтым гатэлі павінна была адбыцца канферэнцыя па бяспецы.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў