У рэдакцыі французскай газеты застрэлілі 12 чалавек. Асцярожна, жахлівыя кадры


Невядомыя застрэлілі 12 асобаў у рэдакцыі французскай сатырычнай газеты «Charlie Hebdo» ў Парыжы. Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters».

Першапачаткова размова ішла пра 11 загінулых, але паводле апошніх дадзеных, колькасць ахвяраў узрасла да 12.

У паведамленні ўдакладняецца, што яшчэ не менш за дзесяць чалавек атрымалі раненні, стан пяці з іх ацэньваецца як крытычны. У цэнтры Парыжу ўведзены рэжым процідзеяння тэрарызму, узровень тэрарыстычнай пагрозы ўлады расцанілі як вельмі высокі.

Па сведчаннях відавочцаў, напад здзейснілі два чалавекі ў чорных капюшонах, узброеныя аўтаматамі Калашнікава. Яны ўвайшлі ў будынак, дзе размяшчаецца рэдакцыя газеты, і адкрылі агонь па працаўніках. Пасля інцыдэнту яны пакінулі месца здарэння.

У інтэрнэт трапіла відэа з жахлівымі кадрамі з месца здарэння, якое не варта глядзець дзецям і цяжарным жанчынам.

Па дадзеных «Associated Press», у выніку страляніны пацярпелі як мінімум трое паліцыянтаў. На месца здарэння выехаў прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд. У каментары журналістам кіраўнік дзяржавы заявіў, што расцэньвае тое, што здарылася, як тэракт.

Сатырычная газета «Charlie Hebdo» раней крытыкавала мусульманаў і часта публікавала карыкатуры на прарока Мухамэда. У 2011 годзе ў знак пратэсту яе рэдакцыю закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю, у выніку чаго памяшканне амаль цалкам выгарала.

Апошняя на дадзены момант гучная публікацыя газеты, звязаная з прарокам Мухамэдам, датуецца вераснем 2012 года. Тады выданне апублікавала некалькі сатырычных малюнкаў прарока, на некаторых з якіх ён быў без адзення. Публікацыя стала адказам на гнеўную рэакцыю ісламскага свету на фільм «Невінаватасць мусульманаў».

МЯ, belsat.eu, паводле slon.ru 

Стужка навінаў