У Рэчыцкім раёне перакуліўся мікрааўтобус, да краёў загружаны бульбаю


Імавернай прычынай аварыі стаў перагруз аўта.

ДТЗ адбылося сёння каля 12:20 на ўчастку дарогі М10 у Рэчыцкім раёне.

Жанчына за стырном мікрааўтобуса «Mercedes» з пасажырам вярталіся ў Гомель. У салоне знаходзіліся мяхі з бульбай, якую набылі ў Рэчыцкім раёне і хацелі перапрадаць на кірмашы ў Гомлі.

У дарозе ў аўта, хутчэй з-за ўсё з-за перагрузу, лопнула задняе левае кола. Аўта пачало «насіць», пасля чаго «Mercedes» з’ехаў у кювет і перакуліўся.

Жанчыну на месцы кіроўцы прыціснула бульбай і элементамі кузаву. Вызваліцца ёй дапамаглі кіроўцы, якія праязджалі па трасе. Агулам спынілася каля 8 аўтааматараў. Мужчына-пасажыр не пацярпеў і самастойна вылез з мікрааўтобусу.

«Не разумею, адкуль столькі зямлі з бульбы. Сёння яшчэ дзіця з садку забіраць. А тут такое. Хацела крыху зарабіць», – распавяла жанчына на месцы аварыі, перабываючы ў стане шоку.

«Калі лопнула кола, мікрааўтобус пачало насіць з боку ў бок. Старалася трымацца правай абочыны, каб не вылецець на «сустрэчку». Калі пярэднімі коламі выехала на зямлю, аўто перавярнулася», – дадала кіроўца.

Пасля ДТЗ на месца інцыдэнту прыехалі сваякі жанчыны, якія перагрузілі бульбу ў іншае аўта.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Progomel

Глядзі таксама
Каментары