У раёне Дэбальцава загінуў Іса Мунаеў, былы камендант Грознага


«Няхай я загіну ва Украіне, але Муслім (паплечнік Мунаева, – belsat.eu) пойдзе далей, мы ўсё адно вернемся на сваю радзіму. Калі мы абодва загінем, Тарас павядзе. Мы ўсе тут ужо сталі чачэна-бандэраўцамі», – так казаў Іса Мунаеў у інтэрвю нашаму тэлеканалу, магчыма, апошняму з апублікаваных.

«Загінуў мой баявы таварыш, ваяр з вялікай літары, брыгадны генерал Ічкерыі Іса Мунаеў», – напісаў у «Фэйсбуку» дэпутат Вярхоўнай Рады, камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка, якога самога паранілі на Данбасе.

Іса Мунаеў на баку Украіны ваяваў на Данбасе – кіраваў батальёнам імя Джахара Дудаева. У кастрычніку на месцы дыслакацыі батальёну пабываў журналіст «Белсату» Аркадзь Несцярэнка.

Сямён Сяменчанка паведаміў, што Мунаеў са сваімі байцамі прыбыў у Дэбальцава ў той час, калі прарасейскія баевікі спрабавалі ўзяць у акружэнне ўкраінскія часткі. Падобна, што менавіта ў такіх акалічнасцях загінуў Мунаеў.

«Я афіцэр рэгулярнай арміі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, выпускнік вышэйшай школы МУС СССР. Мы не былі тэрарыстамі, да нас прыйшлі і мы абаранялі сваю радзіму. Вось паслухайце, мы 23 гады ваюем», – так Іса Мунаеў казаў пра сябе ў інтэрвю. Поўны тэкст чытайце па спасылцы: «Эксклюзіўнае інтэрвю: «Белсат» сустрэўся на Данбасе з былым камендантам Грознага».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў