У Раскосмасе распачаўся «разбор палётаў» з-за аварыі карабля «Саюз»


Адмысловая камісія, якая расследуе прычыны аварыі касмічнага карабля «Саюз», што адбылася напярэдадні, агучыла першыя высновы. Адна з галоўных версіяў – сутыкненне элементаў першай і другой прыступак ракеты-носьбіта.

Па словах крыніцаў, датычных да расследавання, прычына аварыі звязана з тым, што адзін з чатырох бакавых блокаў першай прыступкі ракеты не аддзяліўся. Адбыцца гэта магло праз тры прычыны, кожную з якіх уважліва вывучыць камісія, паведамляе newsru.com

Першая прычына можа быць звязана з адмовай працы піразамка бакавога блока, другая – з механічным пашкоджаннем яго мацавання. Яшчэ адна прычына тэарэтычна можа быць звязаная з аўтаматыкай, якая не дала своечасовую каманду на адмацаванне бакавых блокаў. Для пацверджання або абвяржэння гэтых версіі спецыялісты вывучаць дакументацыю ў ракетна-касмічным цэнтры «Прагрэс», дзе ствараўся «Саюз-ФГ».

«Канчатковых версіяў пакуль няма. Зразумела, што непасрэдная прычына звязана з тым, што адбылося сутыкненне аднаго з бакавых элементаў першай прыступкі. Пры падзеле, фактычна, першай і другой ступені адбыўся судотык», – адзначае выканаўчы дырэктар «Раскосмаса» Сяргей Крыкалеў.

Паводле яго словаў, у «Раскосмасе» не выключаюць, што адбылося «адхіленне ад штатнай траекторыі і, падобна, разбурэнне ніжняй часткі другой ступені». Тэрміны працы камісіі пакуль не агучваюцца, аднак мяркуецца, што на «разбор палётаў» будзе адведзены прыкладна месяц.

Віцэ-прэм’ер Юрый Барысаў не выключае кадравых мераў у дачыненні да вінаватых у аварыі, але заклікаў дачакацца заканчэння працы камісіі. У Следчым камітэце Расеі, у сваю чаргу, паведамілі аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт. 216 КК РФ ( «Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула прычыненне буйнога ўрону»).

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары