У расейскіх школах хочуць правесці «ўрокі бяспечнага сэлфі»


Грамадская арганізацыя «За бяспеку» прапанавала Міністэрству адукацыі і навукі Расеі ўвесці факультатыў для школьнікаў, на якім будуць выкладаць «бяспечны сэлфі».

«Са школьнікамі пачнуць працаваць у Санкт-Пецярбургу ўжо ў новым годзе псіхолагі, эксперты ў галіне бяспекі, у тым ліку паліцыянты і прафесійныя фатографы», – так апісваюць у сваім звароце першапачатковую праграму актывісты арганізацыі «За бяспеку».

Ініцыятыва нарадзілася пасля гібелі некалькіх падлеткаў, якія сталі ахвярамі любові да экстрэмальных фотаздымак. У сваю чаргу ў Міністэрстве адукацыі кажуць, што дзяцей, хутчэй за ўсё, трэба вучыць не «бяспечным сэлфі», а асцярожнасці падчас звароту з рознымі прадметамі, у тым ліку з жывёламі.

«Падчас заняткаў вучням распавядаюць у тым ліку і пра захаванне мераў бяспекі падчас карыстання бытавымі прыладамі, сродкамі камунікацыі», – кажуць у ведамстве, спасылаючыся ў тым ліку і на школьны прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» са школьнай праграмы.

Расейскія СМІ рэгулярна паведамляюць пра выпадкі гібелі і траўмавання людзей, якія спрабавалі зрабіць «небяспечны сэлфі».

НМ, belsat.eu, паводле «Известия»

Стужка навінаў