У расейскае войска вяртаюць палітрукоў


Фінская агітацыйная ўлётка часоў савецка-фінскай вайны 1939 г.

У расейскім войску створаць Галоўнае ваенна-палітычнае ўпраўленне. Яно будзе ўтворана на базе існуючых выхаваўчых структур, паведамляе «Інтэрфакс».

Упраўленне будзе валодаць даволі вялікімі паўнамоцтвамі і мець строгую вертыкальную структуру ў маштабе ўзброеных сіл – ад роты да відаў і родаў войскаў, і замыкацца на Мінабароны Расеі.

Новы орган збіраюцца сфармаваць на базе цяпер дзеючага Галоўнага ўпраўлення па працы з асабовым складам Узброеных сіл, аднак гаворка ідзе не проста аб перайменаванні.

Паводле расейскага вайсковага камандавання, «наспела вострая неабходнасць умацоўваць на ўсіх узроўнях маральна-палітычную загартоўку радавога і афіцэрскага складу, узмацняць згуртаванасць армейскіх калектываў для вырашэння цэлага шэрагу найважнейшых задач».

Раней палітрукі былі ў савецкім войску, але з распадам Саюзу за ідэалагічную працу сталі адказваць намеснікі камандзіраў па выхаваўчай працы з асабовым складам.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары