У Расеі затрымалі траіх удзельнікаў забароненай арганізацыі, заснавальнікам якой называюць беларуса

photo

Фота nbplatforma.org

У Расеі затрыманыя і змешчаныя пад варту трое ўдзельнікаў забароненай у Расеі экстрэмісцкай арганізацыі «Misanthropic Division». Пра гэта паведамляе Следчы камітэт РФ.

Затрыманні былі праведзеныя ў Маскве, Растове-на-Доне і Архангельску. Сярод затрыманых, паводле паведамлення СК, ёсць адзін з кіраўнікоў арганізацыі. Імёны гэтых людзей не паведамляюцца.

Раней Следчы камітэт Расеі паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле некалькіх «экстрэмісцкіх» артыкулаў супраць грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Паўлава. Ведамства называе яго стваральнікам «Misanthropic Division». Паводле звестак следства, ён хаваецца ў Нямеччыне, у сувязі з чым Расея рыхтуе запыт на ягоную выдачу.

Паводле звестак СК Расеі, арганізацыя «Misanthropic Division» была створаная ў 2013 годзе як «субкультурны праект». Стваральнік руху беларус Дзмітрый Паўлаў планаваў «умацаваць свае пазіцыі сярод нацыяналістаў, а таксама атрымліваць прыбытак ад продажу прадукцыі з адпаведнай сімволікай», сцвярджае ведамства. Пасля пачатку падзей ва Украіне ў 2014 годзе арганізацыя «стала больш радыкальнай», яе прадстаўніцтвы зʼявіліся ў 19 краінах свету, а ўдзельнікі «прымалі ўдзел у падзеях Еўрамайдану, а таксама ў баявых дзеяннях на Усходзе Украіны».

FlUI9FR9jlM

Заснавальнік «Misanthropic Division», паводле СК Расеі, Дзмітрый Паўлаў. Фота volgasib.ru

У ліпені 2015 года арганізацыя была забароненая ў РФ рашэннем Краснаярскага краявога суда. Некалькі яе ўдзельнікаў, як піша СК, «асуджаныя за здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці».

На сайце Archive.is захавалася копія выдаленай да цяперашняга моманту артыкулу ў Вікіпедыі, у якой заснавальнікамі «Misanthropic Division» называюцца Сяргей «People Hater» (Хейтар), Саша «Sharp Knife» (Нож) і Дзіма «Misanthropic Fuhrer» (Фюрэр)». Там сказана, што арганізацыя была заснаваная жыхарамі Украіны, а яе мэта – «нешта змяніць як у сваім жыцці, так і ў карумпаванай дзяржаве». Сярод «акцыяў» «Misanthropic Division» у артыкуле згадваюцца «штурм будынку адміністрацыі прэзідэнта» Украіны Віктара Януковіча 1 снежня 2013 года падчас Еўрамайдану.

Згодна з артыкулам, адзін са стваральнікаў арганізацыі Дзіма Фюрэр «гераічна загінуў» падчас бою пад Новаазоўскам, у якім ён удзельнічаў у складзе дабравольніцкага батальёну «Азоў». У інтэрнэце ёсць згадкі таго, што гэта адбылося ў жніўні 2014 года і што гаворка ідзе пра беларуса Дзмітрыя Паўлава.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары