У Расеі затрымалі падазраванага ў забойстве беларускага дальнабойніка


33-гадовага Ігара Кнораза забілі дзеля грузу, які здалі ў металалом. Праваахоўнікі затрымалі аднаго з двух падазраваных.

Беларус перавозіў у Казахстан металаканструкцыі. Ягоныя парэшткі разам з абгарэлымі аўтамабільнымі апонамі ў полі знайшоў мясцовы трактарыст. Падчас агляду цела крыміналісты выявілі шматлікія пераломы рэбраў і сківіцы, якія пацярпелы атрымаў пры жыцці.

Паводле следства, 20 кастрычніка падазраваны і ягоны напарнік напалі на Кнораза на стаянцы грузавых аўтамабіляў на трасе Тамбоў – Ліпецк. Яны некалькі разоў выстралілі ў яго, а пасля нанеслі ўдар металёвым ключом па галаве.

Зламыснікі вывезлі цела беларуса ў лесапаласу, а пазней вярнуліся на стаянку і скралі фуру пацярпелага. Груз з прычэпы падазраваны здаў на металалом, а аўта паставіў на працяглую стаянку на тэрыторыі Маскоўскай вобласці.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. 50-гадовы забойца затрыманы, яго напарніка шукаюць. Мужчынам пагражае 15 гадоў пазбаўлення волі.

9 лістапада ў Расеі знік яшчэ адзін беларускі дальнабойнік. 30-гадовы нарадзінец Віцебскай вобласці Арцём Кудзякоў, выехаў у рэйс у Ніжнявартаўск 1 лістапада і ад 9 лістапада не выходзіць на сувязь.

ДР belsat.eu паводле Следчы камітэт Расеі

Стужка навінаў