У Расеі зарэгістраваны першы выпадак ліхаманкі Зіка


Вірус завезла жанчына, якая вярнулася з Дамініканскай Рэспублікі. Цяпер яна знаходзіцца ў боксе інфекцыйнага стацыянара. Дактары ацэньваюць стан жанчыны, як здавальняючы.

За членамі сямʼі хворай устаноўлена медычнае назіранне, клінічных праяў захворвання не выяўлена, вынікі даследаванняў на вірус адмоўныя, паведамілі ў Расспажыўнаглядзе.

У ведамстве таксама пацвердзілі, што ў кліматычных умовах Расеі вірус не зможа распаўсюджвацца. Раней паведамлялася, што вакцыны ад віруса Зіка пакуль яшчэ знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, і першыя поўнамаштабныя выпрабаванні пройдуць па меншай меры праз 18 месяцаў.

Ліхаманка распаўсюджана ў Паўднёвай Амерыцы, Мексіцы, ЗША, Афрыцы, Індыі і паўднёва-ўсходняй Азіі.

Упершыню яе зафіксавалі ў 1947 годзе ва Угандзе. Сімптомы хваробы – павышэнне тэмпературы, галаўныя болі, ламота ў суставах і спіне, хуткая стамляльнасць.

Першапачаткова сцвярджалася, што пераносіць вірус могуць толькі некаторыя віды камароў тыпу кусакі, аднак у ЗША фіксавалі перадачу віруса палавым шляхам.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў