У Расеі заклікаюць прызнаць БНФ і «Малады фронт» экстрэмісцкімі арганізацыямі


Дэпутат расейскай Дзярждуму Вадзім Салаўёў падрыхтаваў зварот на імя генеральнага пракурора РФ з прапановай вывучыць дзейнасць БНФ і арганізацыі «Малады фронт» на прадмет экстрэмізму.

На думку расейскага дэпутата, БНФ і «Малады фронт» «вылучаюцца ярка выяўленай русафобіяй, усхваляюць нацысцкіх злачынцаў, звязаных з рэжымам перыяду Другой сусветнай вайны». Да таго ж, некаторыя сябры гэтых арганізацыяў ваююць на Данбасе супраць «ДНР» і «ЛНР», піша выданне «Русская планета».

deputat

Вадзім Салаўёў

Які БНФ маецца на ўвазе – Партыя БНФ ці КХП-БНФ, у паведамленні не тлумачыцца.

«Сённяшнія ўкраінскія нацыяналісты выйшлі з арганізацыяў Сцяпана Бандэры. І мы бачым, што сённяшні параснік бандэраўцаў зрабіў са сваёй краінай. Але такія ж прафашысцкія фармаванні былі падчас Вялікай Айчыннай і на тэрыторыі Беларусі, і ў іх таксама маюцца нашчадкі. Ім таксама трэба перайменаваць вуліцы, вычысціць усё рускае з Беларусі, пахадзіць з партрэтамі Сцяпана Бандэры па Менску. Пры гэтым шматлікія беларускія нацыяналісты ўжо былі заўважаныя ў шэрагах сумнеўных фармаваннях, якія вядуць баявыя дзеянні ў Данбасе. Натуральна, ваююць яны за Кіеў», – адзначыў Вадзім Салаўёў.

Што ў БНФ і «Маладым фронце» думаюць пра забарону

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што такі палітычны ціск накіраваны не супраць БНФ альбо «Маладога фронту», а супраць усёй краіны.

«Гэта падрыхтоўка расейскага інфармацыйнага поля, падрыхтоўка расейскай грамадскай думкі да таго, што Беларусь не зʼяўляецца надзейным саюзнікам для Расеі, што Беларусь можа ўяўляць небяспеку і адпаведна, што супраць усёй краіны магчымыя нейкія варожыя дзеянні. Я думаю, што гэта ўсё нельга недаацэньваць. Я перакананы, што гэта не апошнія дзеянні з боку палітычнага кіраўніцтва Расеі», – адзначыў Янукевіч

На думку лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, будзе «дзіўна», калі ў Расеі забароняць беларускую партыю.

«Што тычацца БНФ, то гэта выглядае вельмі дзіўна, бо ў нас нейкая ядроная саюзная дзяржава з Расеяй. А БНФ афіцыйна зарэгістраваная структура, будзе дзіўна, калі іх прызнаюць экстрэмістамі. «Маладому фронту» у гэтым плане прасцей, мы не зарэгістраваныя ў Беларусі і нам начхаць, што яны прымуць у Расеі.Мы ўдзячныя дэпутату за інфармацыйную і піяр-падтрымку. Пасля таго, як у Расеі ўзялі ў палон Джона Сільвера, стала зразумела, што людзям, якія выступаюць за цэласнасць украінскай дзяржавы, супраць рускага шавінізму, проста нельга ездзіць у Расею», – заўважыў Зміцер Дашкевіч.

НМ, belsat.eu, паводле rusplt.ru, nn.by, svaboda.org

Стужка навінаў