У Расеі забаранілі прадаваць прэзерватывы «Durex»


Дэфіцыту прэзерватываў на расейскім рынку не ўзнікне, запэўніваюць у «Расздароўнаглядзе».

«Расздароўнагляд» забараніў у Расеі продаж прэзерватываў «Durex» праз праблемы з перарэгістрацыяй прадукцыі, заявіў кіраўнік расейскага ведамства Міхаіл Мурашка.

«Яны не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. У адпаведнасці з заканадаўствам медычныя вырабы мусяць прайсці выпрабаванні тэхнічныя, таксікалагічныя, і ўсё гэта мусіць прайсці экспертызу ў «Расздароўнаглядзе», – цытуе Мурашку агенцтва ТАСС.

Чыноўнік запэўніў, што дэфіцыту прэзерватываў на расейскім рынку не ўзнікне.

«Зарэгістравана ў Расеі больш за 60 найменняў прэзерватываў, таму ніякіх перабояў не будзе, гэта толькі адна з гандлёвых марак», – адзначыў Мурашка.

У «Durex» ёсць яшчэ шанец вярнуцца на расейскі рынак пасля правядзення рэгістрацыйных працэдураў, сказаў кіраўнік «Расздароўнагляду».

Раней у медыях зʼявіліся паведамленні, што прэзерватывы «Durex» з мінулага месяца не прадаюцца ў расейскіх крамах.

Паводле агенцтва РИА «Новости», «Durex» – адзін з лідараў расейскага рынку, на кампанію прыпадаюць 25 % абʼёму продажаў прэзерватываў у Расеі, яшчэ 40 % у «Contex» і каля 10 % у «Vizit».

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў