У Расеі смуткуюць па ахвярах авіякатастрофы


Расейскі самалёт, які выконваў рэйс Шарм-эш-Шэйх–Санкт-Пецярбург, упаў учора на Сінайскай паўвыспе. На 1 лістапада ў Расеі абвесцілі жалобу.

Борт авіякампаніі «Metrojet» (да 2012 – «Кагалымавія»), які ляцеў з Егіпту, пацярпеў катастрофу ў паўночным Сінаі.

Адна з тэрарыстычных груповак Ісламскай дзяржавы заявіла, што гэта яна збіла самалёт, але паводле егіпецкіх уладаў, у баевікоў няма зброі, якая б дазваляла дасягнуць аб’екта на вышыні 10 км.

На борце знаходзіліся 224 асобы, у тым ліку тры грамадзяніны Ўкраіны і наш суайчыннік Раман Серадзінскі.

Сёння ў Расеі – нацыянальная жалоба па загінулых.

Катастрофа рэйсу 9268 – не першы трагічны выпадак у гісторыі «Кагалымавія». 1 студзеня 2011 года самалёт ТУ-154 гэтай авіякампаніі загарэўся пасля таго, як пілоты завялі рухавікі ў аэрапорце Сургуту. З 116 пасажыраў загінулі трое.

Учорашняя трагедыя стала найбуйнейшай за ўсю гісторыю расейскай грамадзянскай авіяцыі. Дагэтуль самым трагічным выпадкам лічылася падзенне ТУ-154 авіякампаніі «Пулкава» ў жніўні 2006 года. Самалёт, які ляцеў па маршруце Анапа–Санкт-Пецярбург, пацярпеў катастрофу ў выніку няправільных дзеянняў пілотаў. Тады загінулі 170 чалавек.

Глядзі таксама
Каментары