У Расеі школьнікам паказалі фільм, што мужчына павінен жаніцца толькі з нявінніцай

video

Вучням восьмага класа на Кубані паказалі фільм пра тое, што дзіцяці перадаюцца гены першага палавога партнёра маці – нават калі бацькам стаў іншы мужчына.

Пра гэта «Медузе» распавяла сястра аднаго з вучняў школы № 3 у горадзе Караноўск (Краснадарскі край). Дырэктар навучальнай установы не ўбачыў «нічога крымінальнага» ў фільме, які супярэчыць навуковым даследаванням.

Як сцвярджаецца ў фільме, ЗША разбэшчваюць расейскую моладзь, прапагандуючы фемінісцкія і ЛГБТ-каштоўнасці. У выніку, гаворыцца ў фільме, узрост, у якім дзяўчыны пачынаюць займацца сексам, зніжаецца. «Дзяўчаты, вучыцеся ў вашых прабабуляў», – заклікаюць аўтары фільму.

Мужчынам прапануецца не ўступаць у адносіны з дзяўчатамі, якія ўжо мелі палавых партнёраў. «Мужчына, які пачынае дзяцей не з нявінніцай, – раганосец», – сцвярджае закадравы голас. «У жанчыны павінен быць адзін мужчына на ўсё жыццё. Так было заўсёды і так будзе! – гаворыцца ў фільме. – Мужчыны і жанчыны павінны сустракацца толькі тады, калі яны вырашылі завесці дзяцей ».

Фільм падлеткам паказаў настаўнік АБЖ (асновы бяспекі жыццядзейнасці) Лятыф Брукі. Тэма ўрока была сфармуляваная так: «Рэпрадуктыўнае здароўе – складнік здароўя чалавека і грамадства». У раздзеле падручніка, па якім займаюцца ў Караноўскай школе (выйшаў у выдавецтве «Просвещение» ў 2011 годзе), распавядаецца, што цяпер рэпрадуктыўнае здароўе грамадства – «нездавальняючае»; яго аўтары раяць падлеткам ствараць «вялікія семʼі».

Па словах сястры вучня, адна са школьніц падчас урока ўсклікнула: «[Паказваць такія фільмы] – гэта наагул законна?» Настаўнік заўвагу праігнараваў. Пасля ўроку фільм абмяркоўваў увесь клас.

Дырэктар школы Георгій Кайшаў пасля званка карэспандэнта «Медузы» паглядзеў фільм і заявіў, што не знайшоў у ім «нічога крымінальнага». Ён падкрэсліў, што ў яго няма кампетэнцыі абмяркоўваць навуковы бок пытання пра атрыманне ў спадчыну генаў, «якія перадаюцца дзіцяці» ад першага палавога партнёра жанчыны. Дырэктар адмовіўся адказваць на пытанне, ці згодны ён сам са сцвярджэннем, што мужчыну не варта ні пры якіх абставінах уступаць у шлюб з жанчынай, у якой ужо былі палавыя партнёры.

Тэорыя пра тое, што спадчыннасць першага палавога партнёра маці можа перадавацца дзецям ад іншага мужчыны, насамрэч існуе, – называецца тэлегонія; яна зʼявілася ў XIX стагоддзі і лічыцца састарэлай. Ніводным навуковым даследаваннем яна не пацверджаная.

Фільм, паказаны ў Караноўскай школе, зняты на замову нейкага «Фонда борьбы за нравственность». Гэтая арганізацыя ніколі не згадвалася ў расейскіх навінах.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары