У Расеі распачатая справа супраць камандзіра пажарных, што працавалі падчас трагедыі ў «Зімовай вішні»

ВІДЭА

Стыхінйны мітынг у Кемерава пасля пажару ў гандлёвым цэнтры, фота ВВС

Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу па артыкуле «халатнасць» супраць Сяргея Геніна – камандзіра пажарнага звяна, які выехаў на пажар у гандлёвым цэнтры ў Кемерава 25 сакавіка.

Паведамляецца, што Генін праігнараваў словы відавочцаў пра тое, што ў адным з кіназалаў знаходзіцца шмат людзей і што самы кароткі шлях туды – лесвіца ля заходняга ўваходу. Замест гэтага ён павёў пажарнае звяно да лесвіцы ў другім канцы будынку. У выніку Генін згубіў час, які можна было выкарыстаць для выратавання і эвакуацыі людзей, лічаць у СК. Следчыя мяркуюць, што менавіта ў выніку падобнай халатнасці загінулі 37 чалавек, якія знаходзіліся ў кіназале № 2 ГЦ «Зімовая вішня».

«Па месцу жыхарства Геніна праводзіцца ператрус. У бліжэйшы час ён будзе затрыманы», – паведамілі ў СК.

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі трагедыі ў гандлёвым цэнтры ў Кемерава сталі 64 чалавекі (у тым ліку мінімум 41 дзіця, як сцвярджаюць сваякі). Пажар узнік 25 сакавіка на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала. Эвакуацыю людзей абцяжарвалі зачыненыя выхады і агульная паніка. Некаторым давялося выкідвацца з вокнаў. Дзеці тэлефанавалі бацькам і рабілі пасмяротныя запісы ў сацсетках.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары