У Расеі прысаромілі наймітаў, якія ваююць у Данбасе і Сірыі


Актывісты апублікавалі відэазварот да расейскіх вайскоўцаў, якія паехалі ваяваць супраць украінцаў у Данбас, а пазней на вайну ў Сірыю, пішуць podrobnosti.ua.

На пачатку кароткага фільму закадравы голас цікавіцца, што найміты з Расеі робяць у чужых краінах.

«Інтэрнацыянальны доўг? Што за доўг такі, які прымушае ехаць у чужую краіну, умешвацца ў жыццё чужых людзей, забіваць мірных жыхароў у Данбасе, бамбіць шпіталі і гарады ў Сірыі? Справа не ў абавязку. Прызнайся, што табе падабаецца забіваць і табе патрэбныя грошы, бо ў Расеі няма чаго лавіць. А тут можна кагосьці забіць, і за гэта яшчэ заплацяць. Ты не інтэрнацыяналіст, не афіцэр, не жаўнер. Ты найміт. Ведаеш у чым розніца? Жаўнеры абараняюць свой дом, а найміты за грошы руйнуюць чужы».

30 верасня Пуцін атрымаў згоду на вайну ў Сірыі. Афіцыйна мішэнямі расейскіх ракетаў з’яўляюцца пазіцыі джыхадыстаў. Захад жа абвінавачвае Расею ў знішчэнні пазіцый праціўнікаў рэжыму Башара аль-Асада, які пасля нядаўняга візіту ў Маскву папрасіў больш вайсковай дапамогі ў хаўруснікаў. Крэмль адмаўляе абвінавачванні ў знішчэнні апазіцыі, але не хавае, што авіяўдары наносяцца ў такіх гарадах як Хама, Хомс, Алепа. І толькі частка ўдараў трапляе ў баевікоў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў