Спецыяльны макіяж у межах праекта-хобі прыдумаў дырэктар па распаўсюджванню тэхналогіяў «Яндэксу» Грыгорый Бакуноў. Ён вырашыў спраўдзіць, ці можна зрабіць немагчымай ідэнтыфікацыю людзей па фотаздымках.
Разам з камандаю Бакуноў прыдумаў алгарытм, які праектуе ўнікальную «баявую размалёўку» для канкрэтнай асобы, і абараняе ягоны твар ад ідэнтыфікацыі сістэмай распазнавання і назірання. Паводле распрацоўнікаў, дастаткова некалькіх лініяў макіяжу, і адмысловыя сэрвісы не змогуць распазнаць асобу.
Гісторыю стварэння алгарытму Грыгорый Бакуноў апісаў у сваім канале ў Telegram.
«Эфектыўнасць сістэмы ашаламіла – можна было атрымаць самыя розныя вынікі: ад« Вася ледзь-ледзь не падобны да сябе», да«зусім не падобны на Васю» і нават «увогуле не Вася, а хутчэй Коля». Ды што там, базавай сістэмы распазнання часцяком пераставалі знаходзіць нават контур асобы… », – напісаў Бакуноў.
Аднак стваральнікі прадукту вырашылі не выпускаць яго. Бакуноў патлумачыў гэта непакоем, што алгарытм выкарыстаюць са злачыннымі мэтамі.
Напрыканцы чэрвеня ў рунэце невядомыя стварылі сайт Je suis Maidan, на якім апублікавалі фота і асабістыя дадзеныя ўдзельнікаў антыкарупцыйнага мітынгу ў Маскве 12 чэрвеня. Для высвятлення асобаў удзельнікаў пратэсту хакеры выкарысталі тэхналогію FindFace, створаную расейскай кампаніяй NTechLab, якая дазваляе знайсці людзей у «Вконтакте» па фатаграфіі.
ДР belsat.eu