У Расеі прапануюць выдаць крэдыт Беларусі пасля павышэння коштаў на тытунь


Расейскія вытворцы хочуць гарманізаваць акцызныя стаўкі на цыгарэты, каб скараціць плынь нелегальнай беларускай тытунёвай прадукцыі ў Расею. Таму расейская асацыяцыя вытворцаў тытунёвай прадукцыі «Табакпрам» прапанаваў Крамлю выдаць крэдыт Беларусі ў $ 1 мільярд долараў пасля індэксацыі лакальных акцызных ставак на цыгарэты.

Паводле «Табакпрам», расейскі бюджэт пакутавае ад нелегальнай прадукцыі з Беларусі.

У памежных з Беларуссю раёнах доля нелегальнага гандлю цыгарэтамі істотна вырасла за год: у 2016 годзе яна складала 8%, а сёлета – ужо 20%. Пры гэтым доля беларускай прадукцыі ў агульным абʼёме нелегальнага рынку сёлета склала амаль 30% (хаця ў мінулым годзе – толькі 9,4%).

Прычына такога росту – у розніцы акцызных ставак і, як вынік, коштаў на беларускую і расейскую тытунёвую прадукцыю.

Адпаведныя лісты тытунёвыя кампаніі накіравалі першаму віцэ-прэмʼеру Ігару Шувалаву і міністру фінансаў Антону Сілуанаву. У адміністрацыі Шувалава кажуць, што ліст яшчэ не атрымалі, піша РБК.

9 красавіка стала вядома, што Расея выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры $ 1 млрд. Пакуль не агалошваецца, калі і на якіх умовах будуць вылучаны грошы. Ужо сёння эканамісты кажуць, што новыя грошы ад Масквы не развяжуць эканамічных праблемаў краіны, а толькі паглыбяць палітычную залежнасць ад Крамля.

Стужка навінаў