У Расеі няма дзе перапрацоўваць і захоўваць адпрацаванае паліва Беларускай АЭС


Адпрацаванае паліва, нашмат больш небяспечнае, чым астатнія ядравыя адкіды ад эксплуатацыі АЭС, застануцца пад адказнасцю Беларусі. Гэта амаль 27 тон адпрацаванага паліва кожны год з аднаго рэактара. Пра гэта паведаміў інжынер-фізік у Маскве, эксперт Беларускай антыядравай кампаніі Андрэй Ажароўскі ў адказ на публікацыю belsat.eu «Дабудуем АЭС за чужыя грошы і пачнем будаваць магільнік для адкідаў».

Андрэй Ажароўскі патлумачыў, што нягледзячы на тое, што ў дамове паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь прадугледжана, што адпрацаванае ядравае паліва будзе адпраўляцца на перапрацоўку ў Расею пасля перыяду ахалоджвання на станцыі, радыёактыўныя прадукты перапрацоўкі павінны будуць вяртацца ў Беларусь.

Па-першае, па расейскім заканадаўстве забараняецца захоўванне адпрацаванага паліва з атамных станцый іншых краінаў. Увоз адпрацаванага паліва можа ажыццяўляцца толькі для часовага захоўвання і перапрацоўкі на ўмовах звароту ўсіх адкідаў у краіну паходжання. Для гэтага паміж Расеяй і Беларуссю павінна быць заключана новае пагадненне, якое будзе вызначаць кошт і ўмовы імпарту, перапрацоўкі і звароту адпрацаванага паліва АЭС згодна з расейскім заканадаўствам.

Аднак, у Расейскай Федэрацыі пакуль няма прадпрыемства, якое б перапрацоўвала паліва ад такога тыпу рэактара, што паставілі ў Беларусі, назад у сыравіну для выкарыстання або продажу.

«Адпрацаванае паліва Беларускай АЭС няма дзе перапрацоўваць, бо не існуе ў Расеі прадпрыемства па перапрацоўцы адпрацаванага паліва рэактара ВВЭР-1200. Адсутнічае інфармацыя пра праект будаўніцтва такога прадпрыемства»,  – напісана ў вывадах грамадскай экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. «Такім чынам, ва ўмовах адсутнасці прадпрыемства па перапрацоўцы «Росатаму» будзе вельмі складана растлумачыць расейскаму кіраўніцтву неабходнасць імпарту беларускага адпрацаванага паліва».

Да таго ж, працэс перапрацоўкі каштуе дорага, і ў яго выніку выкідваецца вялізная колькасць новых радыёактыўных адкідаў, за якія адказнасць таксама павінна несці краіна паходжання.

 «Перапрацоўка адпрацаванага паліва – вельмі дарагі і брудны з экалагічнага пункту гледжання працэс – на 1 тону адпрацаванага паліва пры наяўных тэхналогіях атрымліваецца прыкладна 4,5 тоны высока-актыўных адкідаў, 150 тон сярэдне-актыўных адкідаў і каля 2000 тонаў вадкіх нізка-актыўных адкідаў», кажа Андрэй Ажароўскі.

З гэтай прычыны, увоз адпрацаванага паліва з іншых краінаў у Расею магчымы для перапрацоўкі толькі ў выпадку, калі гэта эканамічна абаснавана і кошт гэтага працэсу перакрывае усе рызыкі радыяцыйнага ўздзеяння працэсу перапрацоўкі на навакольнае асяроддзе. Для гэтага паміж Расеяй і краінай паходжання адпрацаванага паліва можа быць заключана асобная дамова і праведзена экалагічная экспертыза.

Праектам Беларускай АЭС прадугледжваецца, што некалькі гадоў адпрацаванае паліва будзе захоўвацца на самой станцыі пад слоем вады для ахалоджвання. А далей, па дамове, яно павінна быць вывезена ў Расею. Але пакуль, невядома, як і куды.

«Пакуль няма прадпрыемства, тэхналогія перапрацоўкі незразумелая, як незразумелыя і патэнцыйныя карыстальнікі прадукта перапрацоўкі. Адпрацаванае паліва Беларускай АЭС невызначана доўгі час будзе заставацца адкідам, а не сыравінай», – напісана ў вывадах экалагічнай экспертызы.

Па дадзеным экалагічнай экспертызы, штогод на адным рэактары будзе адкідацца 26,7 тон адпрацаванага паліва, што за 60 год эксплуатацыі складзе 1602 тоны толькі з аднаго рэактара.

Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў стратэгію кіравання ядравымі адкідамі, згодна з якой на тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшае дзесяцігоддзе будзе пабудаваны магільнік для адкідаў ядравага паходжання ад эксплуатацыі АЭС. Але адпрацаванае паліва юрыдычна не ўваходзіць у катэгорыю адкідаў, гэта – асобны прадукт эксплуатацыі атамнай станцыі. Не ўваходзіць яно і ў «адпрацаваўшыя крыніцы іанізаванага выпраменьвання», для якіх у законе «аб абароне навакольнага асяроддзя» зроблена выключэнне і яны могуць быць імпартаваныя назад у Расею, калі былі там вырабленыя.

«Крыніцы іанізаванага выпраменьвання выкарыстоўваюцца ў медыцыне, у геалогіі. Адпрацаванае паліва АЭС – гэта зусім іншае. Менавіта адпрацаванае паліва ўтрымлівае такія небяспечныя радыёнукліды, такія як прадукты падзелу урана (цэзій, стронцый), а таксама плутоній, што атрымліваецца ў выніку аблучэння ўрану. Перыяд паўраспаду плутонію – 24 тысячы гадоў. Пры нармальнай эксплуатацыі, гэтыя радыёнукліды не павінны трапляць у адкіды. Менавіта з гэтым звязана небяспека адпрацаванага паліва, нашмат вышэйшая, чым небяспека астатніх радыёактыўных адкідаў», патлумачыў belsat.eu Андрэй Ажароўскі.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў