У Расеі незадаволеныя мытай на электронныя кнігі, якую ініцыявала Беларусь


Выгадная Беларусі 300 %-ая мыта шкодзіць расейскім брэндам.

Так лічаць у Расейскай асацыяцыі гандлёвых кампаніяў і таваравытворцаў электрабытавой і кампутарнай тэхнікі (РАГЭК) і просяць расейскага віцэ-прэмʼера Ігара Шувалава паўплываць на сітуацыю.

Гаворка ідзе пра мыту на ўвоз у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) невялікіх прыладаў з вадкакрышталічным экранам – электронных кнігаў, DVD-плэераў і аўтамабільных мультымедыйных магнітолаў.

У лісце асацыяцыі віцэ-прэмʼеру Расеі гаворыцца, што дзеючая мыта, прынятая радай Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) у леташнім жніўні, прывяла да рэзкага падаражэння вышэйзгаданых тавараў.

Раней мыта складала 16 %, цяпер пры ўвозе трэба заплаціць 10 % ад мытнага кошту тавару, але не менш 25,5 еўра за штуку.

Атрымоўваецца, што пры ўвозе недарагіх плэераў і электронных кнігаў мыта дасягае 190-300 % ад мытнага кошту, адзначаюць у РАГЭК.

Пры гэтым такая тэхніка не вырабляецца ў ЕАЭС. У выніку адбылося не толькі падаражэнне тавараў, але і рост нелегальнага ўвозу. Больш за ўсё церпяць ад гэтага расейскія брэнды тэхнікі, вытворчасць якіх размешчаная ў Паўднёва-Усходняй Азіі, кажа прастаўнік РАГЭК Антон Гуськоў.

Мыта была ініцыяваная беларускім бокам. Меркавалася, што з яе дапамогай атрымаецца падтрымаць лакальных вытворцаў тэлевізараў. Цяпер у шмат якіх буйных кампаніяў вытворчасць тэлевізараў адбываецца на расейскіх заводах – сярод іх «Samsung», «LG», «Rolsen» і «Vestel».

У якасці вырашэння праблемы РАГЭК прапануе для вырабаў з вялікім экранам (больш за 22 дзюймы) пакінуць дзеючую мэту, для ўсіх іншых – усталяваць стаўку не больш за 10 %.

НМ, belsat.eu, паводле «Ведомости»

Стужка навінаў