У Расеі на два месяцы скарацілі тэрмін школьніку, якому раней далі 6,5 гадоў за ўступленне ў «Правы сектар»


Фота zn.ua

Вярхоўны суд Расеі змякчыў прысуд маскоўскаму школьніку, які раней атрымаў шэсць гадоў і шэсць месяцаў калоніі за ўступленне ў абʼяднанне «Правы сектар», які забаронены ў Расеі.

«Ваенная калегія пастанавіла прысуд Маскоўскага акруговага ваеннага суда ў дачыненні да Кірыла Банецкага, якім ён асуджаны да 6,5 гадоў пазбаўлення волі, змякчыць, знізіць тэрмін на два месяцы», – сказаў суддзя.

Абвінавачаны заявіў, што вярнуўся з Украіны на радзіму добраахвотна, сваю віну прызнае і раскайваецца ў зробленым. Яго адвакат распавёў што Банецкі актыўна супрацоўнічаў з следствам і дапамог выявіць іншых датычных да злачынстваў асоб. Акрамя таго, у момант здзяйснення злачынстваў, ягоны падабаронны быў непаўналетнім, інфармуе расейскае афіцыйнае агенцтва «РИА Новости».

Пракурор пацвердзіў гэтую інфармацыю і палічыў магчымым змякчыць пакаранне школьніку.

Суд у верасні 2016 года прызнаў яго вінаватым у публічных закліках да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, экстрэмізме і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаванні. У якасці дадатковага пакарання суд пазбавіў школьніка права публікаваць інфармацыю ў тэлекамунікацыйных сетках, уключна з інтэрнэтам, цягам аднаго года.

Паводле следства, у красавіку 2015 года вучань 11-га класа маскоўскай школы Кірыл Банецкі прапаў, у ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў усталявалі, што ён зʼехаў ва Украіну, дзе ўступіў у шэрагі забароненага ў РФ «Правага сектару».

Вярхоўны суд РФ 17 лістапада 2014 года прызнаў дзейнасць «Правага сектару» экстрэмісцкай, забараніўшы яго працу на тэрыторыі РФ. Разам з «Правым сектарам» экстрэмісцкімі прызнаныя яшчэ тры арганізацыі – Украінская нацыянальная асамблея – Украінская народная самаабарона (УНА-УНСО), Украінская паўстанцкая армія (УПА) і «Трызуб імя Сцяпана Бандэры».

У ноч на 22 снежня ў Беларусь вярнуўся беларус Кірыл Сілівончык, якога выпусцілі з расейскай калоніі, дзе ён правёў амаль два гады за пасты ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны і супраць анексіі Крыму.

МЯ, паводле ria.ru

Глядзі таксама
Каментары