У Расеі міністр эканомікі вымагаў $ 2 мільёны ў «Раснафты»


Аляксея Улюкаева злавілі на гарачым учынку. У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа.

Улюкаева абвінавачваюць у тым, што 14 лістапада 2016 года атрымаў хабар у $ 2 мільёны ад кампаніі «Раснафты» за станоўчую ацэнку, якая дазволіла «Раснафце» заключыць угоду па набыцці дзяржаўнага пакета акцый «Башнафта». Паводле матэрыялаў СК, Улюкаеў вымагаў гэтыя грошы.

Тэлефон міністра праслухоўвалі з лета 2016 года. Праваахоўнікі высветлілі, што ў размовах пры абмеркаванні пытання прыватызацыі «Башнафты» ён пагражаў прадстаўнікам «Раснафты».

Прэтэнзій да «Раснафты» ў следчых няма. Улюкаева затрымалі і ў дачыненні да яго праводзяцца неабходныя аператыўныя следчыя дзеянні.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў абвінавачванне ў адрас Улюкаева вельмі сурʼёзным і патрабуючым сурʼёзных доказаў. Ён заявіў, што кіраўнік Крамля ведаў пра аперацыю праваахоўных органаў супраць міністра эканомікі. Аднак пакуль расейскі ўрад афіцыйна не пракаментаваў ягонае затрыманне.


У кастрычніку «Раснафта» паведаміла, што купіла дзяржаўны пакет акцый «Башнафта» за 329,7 млрд рублёў. Гэтая сума мелася паступіць у бюджэт. Улюкаеў заявіў тады, што прапанова «Раснафты» адзіная, якая перавысіла ацэнку кансультантаў і вагалася паміж 297 ды 315 млрд рублёў.

Паводле міністра эканомікі, прапанова «Раснафты» перавышала рынкавы кошт акцый на 30 верасня на 20%.

ДР belsat.eu паводле bbc.co.uk, РИА «Новости»

Стужка навінаў