У Расеі мядзведзь напаў на маладую жанчыну на тэрыторыі кавярні


Кабета расплацілася сваёй рукой за жаданне бліжэй разгледзець мядзведзя.

У Томску мядзведзь напаў на наведніцу кавярні, на тэрыторыі якой утрымліваўся ў загароджанай плотам клетцы, і схапіў жанчыну за руку, паведамляе Упраўленне Міністэрства ўнутраных справаў Расеі па горадзе Томску. Мясцовыя медыі інфармуюць, што мядзведзь адгрыз жанчыне руку, падае korrespondent.net.

Расейская паліцыя адзначае: калі 24-гадовая кабета падышла да жывёлы, каб лепш разгледзець, драпежнік схапіў яе за руку.

Мясцовае выданне «РИА Томск» са спасылкай на ўладальніка ўстановы адзначае, што маладая кабета, як мяркуецца, была нападпітку. Пакуль ейны муж замаўляў ежу ў кавярні, маладзіца з 2,5-гадовым дзіцём падышла да агароджы, за якой трымалі двух мядзведзяў – самца і самку. Яна сама пералезла праз паўтараметровы плот і, падышоўшы да клеткі, прасунула туды руку, за якую ўкусіў адзін са звяроў.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, жанчына шпіталізавана ў лякарню абласнога цэнтру. Што будзе са звярамі – пакуль невядома.

МЯ, паводле korrespondent.net, riatomsk.ru

Стужка навінаў