У Расеі хворы на грып памёр у чарзе да лекара


Фота telegraf.by

У Растове-на-Доне следчыя пачалі праверку па факце смерці мужчыны ў прыёмным аддзяленні лякарні.

Па словах відавочцаў, пацыент, на твары якога была медычная маска, не дачакаўся дапамогі, і пасля смерці яшчэ некалькі гадзін ягонае цела знаходзілася на вачах у іншых хворых, якія паступаюць у медычную ўстанову пасля выкліку хуткай дапамогі.

Пры гэтым, цела не накрылі і не вынеслі – чакалі, калі прыедзе паліцыя.

Сітуацыю «Российской газете» пракаментаваў галоўны лекар растоўскай гарадской лякарні № 4 Павел Зайцаў.

«32-гадовы мужчына паступіў па хуткай ужо ў стане агоніі з падазрэннем на свіны грып і яго ўскладненне – пнеўманію, а таксама са спадарожным дыягназам «сухоты». Яго яшчэ не паспелі аформіць, як ён памёр. У такім выпадку да прыезду паліцыянтаў і заканчэння следчых мерапрыемстваў труп зрушваць з месца нельга», – паведаміў Павел Зайцаў.

Цяпер усё медычныя ўстановы гораду пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы. З падазрэннем на свіны грып пацыентаў вязуць у тым ліку і ў тыя стацыянары, у якіх няма спецыялізаваных інфекцыйных аддзяленняў.

«Па папярэдніх дадзеных, раніцай мужчыну даставіла брыгада хуткай дапамогі ў прыёмнае аддзяленне лякарні, дзе ён праз некаторы час памёр. Пры аглядзе цела слядоў гвалтоўнай смерці не выяўлена. Прызначанае правядзенне судова-медыцынскага даследавання для ўстанаўлення прычын ягонай смерці», – паведаміла старшы памочнік кіраўніка Следчага камітэту РФ па Растоўскай вобласці Галіна Гагалаева.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Растоўскай вобласці, у рэгіёне перавышаны эпідэмічны парог па грыпе на 58,3 %. Па выніках маніторынгу захворвання дзяцей і падлеткаў цалкам зачыненыя 23 школы і 25 дзіцячых садкоў. Ад лабараторна пацверджанага свінога грыпу ў рэгіёне памерлі ўжо восем чалавек.

Насельніцтва працягвае скупляць супрацьвірусныя сродкі і медычныя маскі.

МЯ, паводле rg.ru

Глядзі таксама
Каментары