У Расеі ахоўнік расстраляў 5 байкераў, а пасля калоў іх нажом


Фота raa5.com

У Падмаскоўі мужчына расстраляў пяцярых матацыклістаў са стрэльбы, а пасля гэтага ўчыніў ім нажавыя раненні.

Следчыя паведамілі падрабязнасці допыту падазраванага ў забойстве пяцярых байкераў у Ягорʼеўскім раёне Маскоўскай вобласці.

Затрыманы – жыхар Падмаскоўя 1988 года нараджэння, працаўнік прыватнага ахоўнага прадпрыемства. Падчас допыту ён прызнаўся ва ўчыненым і расказаў, што забойства ён здзейсніў пасля «канфлікту на побытавай глебе» з байкерамі, з якімі пазнаёміўся напярэдадні.

«Са словаў падазраванага стала вядома, што каля закінутага будынку бровару байкеры рыхтавалі канцэртавую пляцоўку для правядзення імпрэзы, прысвечанай сканчэнню мотапрабегу. Увечары (у суботу – рэд.) яны распівалі спіртовыя напоі, і падазраваны пастанавіў да іх далучыцца. У нейкі момант паміж байкерамі з аднаго боку і падазраваным з другога адбыўся канфлікт на побытавай глебе», – паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэту Расеі ў Маскоўскай вобласці.

Затрыманы расказаў, што пасля гэтага ён схадзіў дахаты, узяў паляўнічую стрэльбу і, вярнуўшыся, зрабіў серыю стрэлаў, патрапіўшы ў кожнага мужчыну не менш як адзін раз.

«Пасля гэтага ён нанёс пацярпелым нажавыя раненні. Сведкамі таго, што адбылося, сталі дзве жанчыны, якія суправаджалі матацыклістаў, аднак падазраваны іх не чапаў. У далейшым падазраваны кінуў скрываўленыя рэчы ды нож у вогнішча і ўцёк», – паведамілі ва ўпраўленні.

Сёння раніцаю паліцыя выявіла аўтамабіль меркаванага злачынцы. У салоне знаходзілася стрэльба, з якой былі застрэленыя матацыклісты. Неўзабаве затрымалі і самога падазраванага.

МЯ, паводле interfax.ru

Глядзі таксама
Каментары