У Расеі адбываюцца ператрусы ў межах справы руха «Артпадрыхтоўка», які нібыта рыхтаваў масавыя беспарадкі


У Маскве і Маскоўскай вобласці праводзяцца больш за 20 ператрусаў, звязаных з затрыманнямі ўдзельнікаў руху «Артпадрыхтоўка», які праваахоўныя органы Расеі лічаць экстрэмісцкім.

З самае раніцы 4 лістапада ператрусы праводзяць супрацоўнікі дэпартамента па барацьбе з экстрэмізмам МУС пры падтрымцы супрацоўнікаў ФСБ.

«Затрыманыя напярэдадні ўдзельнікі руху пачалі даваць паказанні, у справе з’явіліся новыя імёны і адрасы», – распавяла крыніца РБК сярод сілавікоў.

Падчас ператрусаў канфіскаваная «літаратура экстрэмісцкага зместу, адзенне з нацыяналістычнай сымболікай, а таксама кампутары, тэлефоны і іншыя электронныя носьбіты».

Аб спыненні дзейнасці «заканспіраванай ячэйкі экстрэмісцкай арганізацыі «Артпадрыхтоўка» ФСБ паведаміла 3 лістапада 2017 года. Па словах прадстаўнікоў спецслужбы, 4-5 лістапада актывісты руху планавалі правесці «рэзанансныя экстрэмісцкія акцыі ў форме падпалаў адміністрацыйных будынкаў з выкарыстаннем запальных сумесяў і нападаў на супрацоўнікаў паліцыі». Гэтым, як адзначаюць сілавікі, яны нібыта хацелі справакаваць масавыя беспарадкі.

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі дэпартамента па супрацьдзеянні экстрэмізму пры падтрымцы спецназа ФСБ.

Лідар руху «Артпадрыхтоўка» Вячаслаў Мальцаў неаднаразова прымаў удзел у антыпуцінскіх мітынгах, у 2016 годзе быў кандыдатам у дэпутаты Дзярждумы ад апазіцыйнай партыі ПАРНАС. У чэрвені Мальцаў пакінуў Расею. Масгарсуд завочна арыштаваў палітыка – яго абвінавачваюць у закліках да эстремістскай дзейнасці. Погляды Мальцава – сумесь анархізму і нацыяналізму.

 

ІІ, belsat.eu, паводле РБК

Глядзі таксама
Каментары