У Расеі абвесцілі ў вышук таксіста, які пераследаваў казулю пад песню «Нас не догонят»


Апублікаванае ў сеціве відэа, дзе аўтамабіль гоніць па вуліцах Бірабіджану казулю, якая пазней захрасла ў агароджы каля банку, стала падставай для адміністратыўнай справы.

Відэа, якое паказвае пагоню за казуляй па пустым праспекце 60-годдзя СССР у цэнтры сталіцы Габрэйскай аўтаномнай вобласці ў Расеі, было апублікаванае YouTube.com. Кіроўца здымаў з салона свайго аўтамабіля. На кадрах бачна, як казуля ў паніцы кідаецца з аднаго боку вуліцы на іншую, спрабуючы сысці ад пераследу. Аднак кіроўца не збаўляў хуткасці да таго часу, пакуль жывёла не знікала з поля зроку.

«На відэа, якое ўдзельнік пагоні сам выклаў у сетку, зафіксаваны факт парушэння правілаў дарожнага руху. Кіроўца занядбаў бяспеку руху і выехаў на сустрэчную паласу. Гэта артыкул 12.15 частка 4 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў РФ», – паведаміла кіраўнік прэс-цэнтру Упраўлення МУС РФ у Габрэйскай аўтаномнай вобласці Аксана Ткачова.

Паводле яе, асоба кіроўцы, які гнаў казулю, устаноўленая – ім аказаўся працаўнік фірмы таксі. У цяперашні час ён ужо звольнены.

«Па факце выезду на сустрэчную паласу распачатая адміністрацыйная вытворчасць. Па месцы жыхарства мужчыну не знайшлі. Ён абвешчаны ў вышук», – удакладніла Ткачова.

Інцыдэнт з казуляй адбыўся ў Бірабіджане 7-га чэрвеня 2016 года. Жывёла пасля пагоні захрасла ў агароджы банку ў цэнтры гораду. Ратавальнікі вызвалілі казулю і адвезлі ў запаведнік «Бастак». Пры перавозцы казуля не пацярпела, пасля выпуску адразу ўцякла ў лес.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў