У Рагачове да Дня беларускага пісьменства аднавілі ўязны знак «Рагачоў», а пра дом, дзе тварыў Караткевіч, забылі


Калі ў вашым горадзе траншэі, заторы і паўсюдны рамонт, значыцца, хутка дзяржаўнае свята. Накшталт «Дажынак» ці Дня незалежнасці. Або Дзён беларускага пісьменства. Менавіта гэтае свята праз месяц прыме Рагачоў.

УЛАДЗІМЕР ЛІТОЎЧАНКА, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР, ПРЭТЭНДЭНТ НА ДЭПУТАЦКІ МАНДАТ У ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ

«Сённяшні фарс скіраваны на тое, што прыедуць чыноўнікі і магчыма кіраўнік дзяржавы. У першую чаргу трэба зрабіць візуальную карцінку».

Дзеля карцінкі мясцовыя ўлады запланавалі аднавіць уязны знак «Рагачоў» і памятны знак-стэлу «Рагачоў», падправіць фасады будынкаў і адрамантаваць цепласеткі. Між тым, гораду бракуе фінансаў на развязанне штодзённых справаў. Яшчэ ў траўні аб праблемах нашаму тэлеканалу распавядалі мясцовыя актывісты.

А што наконт культурнай спадчыны? Відаць, вылучаных на свята мовы сродкаў хапіла толькі на дзіркі ў асфальце.

І сапраўды, адноўленыя прыпынкі ці новыя ходнікі не распавядуць нашчадкам пра Рагачоў як знакавы горад для беларускай літаратуры. Той жа Караткевіч, які тут, у дзедавай хаце, пісаў свае найлепшыя творы, не заслужыў нават памятнай табліцы ў цэнтры гораду.

ЖЫХАРЫ РАГАЧОВА:

«У Рагачове можна паставіць помнік пісьменнікам, каб гараджане ведалі, чым багаты горад».

«Я лічу, што Караткевічу трэба паставіць паўнавартасны помнік. Вялікі, прыгожы ў прыгожым месцы».

Што да дзедавай хацінкі пісьменніка, якая яшчэ стаіць у мікрараёне «Дзявяткі», то яе не надта проста знайсці.

ЭДУАРД КАВАЛЁЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

«Калі Караткевіч вядомы чалавек, так можа трэба было б і асфальт пакласці. І ліхтар не працуе».

Стварыць тут музей намагаліся яшчэ ў васьмідзесятыя. Аднак ідэя не зрэалізавалася, а сённяшні гаспадар – стрыечны брат Караткевіча – ад нязваных гасцей відавочна стаміўся.

Адзінае, што дазваляе дакрануцца да славутай мінуўшчыны, – гэта сціплы знак з кавалка чорнага граніту, на адшліфаваным баку якога выгравіяваны партрэт творцы.

Вольга Саўле belsat.eu

Стужка навінаў