У Рагачоўскім раёне 30-гадовы вясковец абстраляў міліцэйскі пост з вінтоўкі

video

На мінулым тыдні, 26 кастрычніка, а 23.00 30-гадовы жыхар аграгарадка Столпня з вінтоўкі Мосіна страляў па міліцыянтах, якія дзяжурылі на пасту. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не пацярпелі, стралок быў затрыманы.

Паводле слоў першага намесніка начальніка Рагачоўскага РАУС Вячаслава Ліхалата, міліцэйскія пасты былі ўсталяваныя ў аграгарадку ў сувязі з «прафілактычнымі мерапрыемствамі». Раней паведамлялася, што на ўездзе і выездзе са Столпні стаяць блок-пасты ў сувязі з падазрэннем на ўспышку свіной чумы. Міліцыянты спраўджваюць, ці не вязе хто жывёлінаў або мяса, і дэзынфекуюць аўтамабілі.

«Супрацоўнікі РАУС правяралі аўтамабілі, якія праязджаюць. Бацька зламысніка паскардзіўся сыну на тое, як яму надакучылі сваімі праверкамі міліцыянты. Малады мужчына ўжыў алкаголь і вырашыў разабрацца з праваахоўнікамі. Накіраваўся да пасту, прыхапіўшы бутэльку з бензінам і вінтоўку Мосіна. Першым у ход пайшло гаручае: вясковец хацеў падпаліць пост, але бутэлька не даляцела да мэты і разгарэлася ў метрах 15 ад яе. Міліцыянт убачыў полымя і выйшаў на вуліцу. Раптам пачуўся стрэл: жыхар Столпні страляў з вінтоўкі. Тады супрацоўнік РАУС дастаў пісталет, перасмыкнула затвор. Пачуўшы характэрны гук (было вельмі ціха), зламыснік яшчэ раз стрэліў і ўцёк. Відаць, ён не чакаў, што міліцыянты будуць узброеныя », – цытуе Ліхалата мясцовае выданне «Свабоднае слова».

Праз некаторы час стралак быў затрыманы і ўзяты пад варту. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што «проста хацеў напалохаць праваахоўнікаў». Пры ператрусе ў доме мужчыны знайшлі зброю, патроны і іншыя боепрыпасы.

У дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса «Хуліганства», згодна з якой яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Вінтоўка Мосіна была распрацавана ў 1891 годзе ў Расейскай імперыі. У розных мадыфікацыях выкарыстоўвалася ў войску да 50-х гадоў XX стагоддзя.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары