«У прафсаюзе мне параілі пачытаць Біблію». Маці хлопчыка-інваліда змагаецца за дзяржаўную дапамогу


Вольга Макарэвіч. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Цягам 20 месяцаў ААТ «Гроднапрамбуд» не выплачвала Вользе Макарэвіч штомесячную матэрыяльную дапамогу на лячэнне сына. А калі жанчына звярнулася ў суд, на працы пачаліся пагрозы аб звальненні.

Сыну Вольгі Макарэвіч 11 гадоў. У Максіма хвароба Вілебранда, якая правакуе вельмі дрэнную згусальнасць крыві. Любая рана ці нават вырваны зуб адкрывае крывацёк, які наўпрост можа забіць хлопчыка. Хвароба ў сваю чаргу справакавала вузельчыкавую гіперплазію левага наднырачніка – гэта дабраякасная пухліна, якая дае ўскладненне на ціск і якую неабходна выдаляць.

Максім толькі ў 2015 г. 48 разоў трапляў ў шпіталь. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Максім хварэе з 2011 году, аднак пасведчанне аб інваліднасці маці ўдалося атрымаць толькі ў 2016-м. Пасля пяці гадоў змагання Гарадзенская медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія №1 прызнала ў хлопчыка лёгкую ступень страты здароўя. Пасля атрымання неабходных дакументаў у лютым 2016-га жанчына звярнулася ў цэнтральную бухгалтэрыю ААТ «Гроднапрамбуд» да бухгалтаркі Людмілы Каровінай.

«Я прынесла копію пасведчання аб інваліднасці і спыталася, якія ільготы і выплаты мне належаць як маці, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю самастойна. На той момант мы былі разведзеныя з мужам, пра што я і паведаміла. Людміла Міхайлаўна патлумачыла, што мне належыць толькі павышаны вылік падаходнага падатку і матэрыяльная выплата раз на год на Дзень інваліда. Яна працягнула мне бланк на дадзеную ільготу, які я і запоўніла. Такім чынам цягам 20 месяцаў 2 разы я атрымлівала гэтую дапамогу», – распавядае Вольга Макарэвіч.

«Пра магчымасць штомесячнай дзяржаўнай дапамогі мяне ніхто не папярэдзіў»

Пра тое, што жанчына мае права атрымліваць штомесячную дзяржаўную дапамогу Вольга даведалася цалкам выпадкова. У снежні 2017-га да яе ў рукі трапіла апавяшчэнне з Упраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва аб некаторых карэктывах у заканадаўстве, дзе таксама знаходзіўся пералік тыпаў семʼяў, якім належыцца матэрыяльная дапамога.

Частка 1 арт.3 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, згодна з якім Вольга Макарэвіч мае права атрымліваць штомесячную дзяржаўную дапамогу. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Каб не гэтае апавяшчэнне, жанчына нават бы не здагадвалася, што яе сын можа атрымліваць дадатковыя грошы на лячэнне. За гэты час сума, якую паводле закону павінна была атрымаць Вольга, склала 4000 беларускіх рублёў.

Аднак у бухгалтэрыі «Гроднапрамбуду» віны сваёй не прызналі і катэгарычна адмовіліся выплаціць маці належныя грошы.

«Я звярнулася да бухгалтара з пытаннем: чаму мяне не паінфармавалі пра гэта? На што яна адрэагавала вельмі агрэсіўна, пачала мяне абражаць і абвінавачваць у тым, што я сама не напісала заяву і не сабрала дадатковыя дакументы. Аднак адкуль я магла пра іх ведаць, калі ў той момант, калі я пыталася пра належныя мне ільготы, нічога ніхто не сказаў? Акрамя таго, такая заява не можа быць напісанай ад рукі. Гэта вельмі сур’ёзны дакумент, спецыяльны асобны бланк дзяржаўнага ўзору, які павінна была выдаць мне бухгалтар», – тлумачыць жанчына.

«Сказалі, калі надалей буду патрабаваць грошы, то не працягнуць кантракт»

Калі жанчына звярнулася да кіраўніцтва ААТ «Гроднапрамбуд» па выплату грошай, ёй пачалі пагражаць звальненнем з працы.

«Цягам чатырох месяцаў я прасіла і маліла кіраўніцтва звярнуць мне грошы. Разумееце, у той перыяд, калі мы не атрымоўвалі дапамогу, мой сын праходзіў абследаванне ў Рэспубліцы Польшча ў Беластоку, таму што яго хваробу ў Горадні вельмі цяжка абследаваць. Гэтае лячэнне, канешне, было платнае. Содні ў шпіталі каштуюць каля 150 $. Мы і так ашчаджалі: былі ў шпіталі не ўвесь час, а здымалі кватэру. Для маёй сям’і гэта была вельмі значная сума – агулам 1200 $. Нас выратавала толькі тое, што дапамаглі сваякі з ЗША, якія выслалі грошы», – распавядае Вольга Макарэвіч.

Пасведчанне аб інваліднасці Максіма. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сёння стаіць пытанне аб тым, каб везці Максіма на лячэнне ў Нямеччыну ці Паўднёвую Карэю. Таму гэтыя грошы вельмі істотныя. Жанчына спрабавала звяртацца да кіраўніцтва «Гроднапрамбуду»:

«На гэта мне адказалі, што калі я і далей буду патрабаваць доўг, мне не працягнуць кантракт або ў іншым выпадку проста звольняць».

Пасля няўдалых перамоваў з кіраўніцтвам «Гроднапрамбуда» яна звярнулася ў суд Кастрычніцкага раёну ў Горадні. Як сцвярджае жанчына, на судзе прысутнічалі сведкі з аддзелу кадраў, якія публічна пацвердзілі тое, што Вольгу Макарэвіч не паінфармавалі аб належнай ёй дзяржаўнай дапамозе. Аднак пасля 8-мі паседжанняў суд усё ж такі вынес рашэнне не на карысць жанчыны.

Вольга Макарэвіч. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Прысуд быў аргументавалі тым, што пазоўца не абскардзіла адразу рашэнне камісіі ААТ «Гроднапрамбуду» аб прызначэнні дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей ад 6 ліпеня 2017 году і тым самым парушыла парадак пазасудовага вырашэння справы. Пракурорская праверка накіравала касацыйны пратэст на судовае рашэнне, бо знайшла ў ім парушэнні. Разгляд касацыі адбудзецца ў ліпені ў Гарадзенскім абласным судзе.

«У прафсаюзе мне прапанавалі пачытаць Біблію і прабачыць «Гроднапрамбуд»

Вольга Макарэвіч таксама звярнулася ва Упраўленне ў эканамічных злачынствах з просьбай правесці праверку, бо, як сцвярджае жанчына, яе выпадак недаплаты на прадпрыемстве не адзіны.

«Вы толькі сабе ўявіце: калі я звярнулася за дапамогай у прафсаюз прадпрыемства, яго супрацоўнік дастаў перада мной Біблію, параіў мне схадзіць у царкву і прабачыць «Гроднапрамбуд», бо Бог усіх прабачаў і я павінна выбачаць. На што я адказала гэтаму працаўніку, каб ён узяў за руку ўсіх, хто дапусціў гэту памылку і няхай яны Богу памоляцца. А лепш за ўсё, каб усе разам яны схадзілі ў анкалагічны госпіс і хаця б адзін дзень добраахвотна падаглядалі за хворымі дзецьмі. Можа, гэта дапамагло б ім усвядоміць гэтую бяду. Мой сын з 2011 года стаіць на ўліку анкагематалогіі ў Бараўлянах. Гэта страшна. Пераступіўшы парог гэтай установы, ты адчуеш пах смерці. І гэта проста блюзнерства сунуць мне Біблію і казаць мне пра Бога», – кажа маці хворага хлопчыка.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў