У прадпрымальніцы з Гомля канфіскавалі тавару на $ 50 тысяч


Штраф 20 базавых велічыняў і поўная канфіскацыя тавару на суму каля 50-ці тысяч долараў. Такое рашэнне агучыў Эканамічны суд Гомельскай вобласці ў справе прадпрымальніцы Валянціны Кавалёвай. Паводле працаўнікоў аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, дакументы, якія пацвярджалі б паходжанне тавару і выдадзеныя ў Расеі – не сапраўдныя.

Як цвердзіць самая спадарыня Валянціна, фірма, дзе яна закупіла тавар, ёсць у агульным рэестры фірмаў Расеі. А за тое, што ёй там выдалі няправільныя дакументы, не мусяць адказваць самыя прадпрымальнікі, лічыць Валянціна Кавалёва. Цяпер жа ейныя калегі, якія прыйшлі падтрымаць гандлярку, баяцца працаваць далей.

«У такой сітуацыі можа апынуцца кожны з нас. З дакументамі, ці без, але аказваецца што ўсё можна павярнуць у патрэбны бок», – кажа прадпрымальніца з Гомля.

Паводле лідара прадпрымальніцкага руху «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, дзяржава не разумее, што такімі паводзінамі забівае рэшткі дробнага бізнесу.

«Я думаю гэта палітыка дзяржавы. Прыходзіць, забіраць, канфіскоўваць, штрафаваць. Ім трэба папаўняць бюджэт і ў гэтым на мой погляд асноўная прычына», – кажа Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальніца Валянціна Кавалёва пры падтрыманні абʼяднання «Перспектыва» збіраецца падаваць скаргу на рашэнне суда ў Гомлі ў вышэйшыя інстанцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў