У Польшчы знясуць паўтысячы савецкіх помнікаў


На думку кіраўніка Інстытуту нацыянальнай памяці Лукаша Каміньскага, захаванне гэтых помнікаў – памылка, якая цягам доўгіх гадоў дае паліва, што выкарыстоўваецца для прапаганды і правакацыяў, скіраваных супраць Польшчы.

Размова вядзецца пра знос больш чым паўтысячы помнікаў «падзякі» Саветам, якія сімвалізуюць перавагу камуністычнай сістэмы над Польшчай. Іх усталёўваннем займалася Чырвоная Армія.

Мемарыялы, пад якімі пахаваныя астанкі загінулых савецкіх жаўнераў, ліквідаваны не будуць, заявіў Лукаш Каміньскі ў інтэрвʼю onet.pl.

«Мы павінны ўвесь час тлумачыць, чаму мы прымаем гэткае рашэнне. Захад мае спрошчаную версію гісторыі, у якой Савецкі Саюз зʼяўляецца толькі саюзнікам, забываючы нават пра супрацу з Нямеччынай у першыя два гады вайны. Вядома, ёсць людзі, якія лічаць, што самі палякі ўсталявалі помнікі, а праўда ў тым, што яны сімвалізуюць камуністычную дыктатуру, якая ўсталявалася ў нашай краіне пасля вайны. І будзем падкрэсліваць, што наступствы вайны для палякаў працягваліся да 1989 года», – адзначыў кіраўнік ІНП.

Цяпер Інстытут складае поўны спіс помнікаў, і цягам бліжэйшага часу будзе звяртацца да мясцовых органаў з прапановай дэмантажу манументаў, якія перанясуць у музеі.

Хоць ліквідацыя мемарыяльных знакаў не накіравана супраць Расеі, гэткая ініцыятыва заўсёды ўспрымаецца крытыкай з боку крамля, адзначыў Каміньскі.

«Вядома, што Расея будзе пратэставаць. Дыпламатычная служба Крамля рэагуе вельмі жорстка кожны раз, калі ў Польшчы ліквідуюць помнік савецкай арміі. Нам трэба вырашыць гэтае пытанне, каб прапаганда Крамля не мела падстаў для новых правакацыяў».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары