У Польшчы затрымалі рэкордную колькасць цыгарэт, якія везлі з Беларусі ў газавых цыстэрнах


Амаль 718 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт канфіскавалі прадстаўнікі Падляскай памежнай службы. Кантрабанда на суму больш за 9,5 млн злотых (каля $ 2,25 млн) была схаваная ў цыстэрнах, якія выкарыстоўваюцца для транспартавання газу. У сувязі з гэтай справай былі арыштаваныя пяць польскіх грамадзянаў.

Працаўнікі Памежнай службы пастанавілі дакладна праверыць грузавы цягнік, які прыбыў з Беларусі на польскую перагрузачную станцыю. Праверка паказала, што ўнутры трох рэзервуараў для газу могуць быць схаваныя кантрабандныя цыгарэты.

Мытнікі, якім перадалі ёмістасці, адсканавалі іх адмысловай прыладай. Звесткі на маніторы пацвердзілі падазрэнні, што замест заяўленага ў дакументах газу ў цыстэрнах была тытунёвая кантрабанда. Каб схаваць цыгарэты, рэзервуары былі запоўненыя мяшкамі з цэментам і невялікімі газавымі балонамі.

Кошт выяўленых кантрабандных цыгарэт складае больш за 9,5 млн злотых (каля $ 2,25 млн). Страты польскага бюджэту праз нявыплачаныя акцызы маглі б скласці больш за 15 млн злотых (каля $ 3,5 млн).

У сувязі з гэтай справай былі арыштаваныя пяць польскіх грамадзянаў. Двое мужчын (ва ўзросце 37 і 42 гадоў), якія падазраюцца ў арганізацыі гэтай кантрабанднай пастаўкі, узятыя пад варту. Польскія праваахоўнікі не выключаюць новых затрыманняў у гэтай справе.

МЯ, паводле podlaski.strazgraniczna.pl

Стужка навінаў