У Польшчы рэкордна нізкае беспрацоўе: на заробкі сюды едуць перадусім украінцы


У нашых суседзяў, у Польшчы, зафіксаваны рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя. Паводле еўрапейскага статыстычнага ўпраўлення, у верасні ён склаў менш за 6 %. Крыху большыя лічбы напярэдадні назвала Галоўнае ўпраўленне статыстыкі Польшчы, але і яны аказаліся найменшымі з пачатку 1990-ых. Аналітыкі ўпэўненыя, што за зніжэннем беспрацоўя прыйдзе і больш хуткае падвышэнне заробкаў.

Паказнік беспрацоўя ў Польшчы самы нізкі за чвэрць стагоддзя. У нашых суседзяў усё меней тых, хто застаецца без працы. Тэндэнцыя на змяншэнне ўзроўню беспрацоўя назіраецца ўжо некалькі месяцаў запар. Гэтак, у верасні ў цэнтрах занятасці краіны былі крыху больш за 8 % жыхароў краіны. Рост польскай эканомікі заахвоціў шмат якіх палякаў вярнуцца з заробкаў на радзіму.

«Я вярнуўся ў Польшчу з Вялікай Брытаніі з асабістых матываў, бо пастанавіў, што так будзе лепей для мяне. Я малады хлопец, чамусьці навучыўся за мяжой, цяпер жа хацеў бы жыць і працаваць тут», – адзначыў жыхар Катавіцэ Міхал Якубоўскі.

Паводле Міністэрства працы краіны, змяншэнне ўзроўню беспрацоўя зафіксаванае ў 14-ці ваяводствах Польшчы. У Сілезкім ваяводстве беспрацоўе складае 6,7 %. На месцы тых, хто з’ехаў працаваць у Нямеччыну, Вялікую Брытанію і Нідэрланды, сюды прыязджаюць працаўнікі з іншых краінаў, найперш – з Украіны.

«Сярод тых маіх знаёмых, хто прыязджае сюды, стоадсоткава знаходзяць тут працу і ўсе застаюцца задаволенымі. А пазней да іх яшчэ прыязджаюць родныя ды ствараюць тут свае семʼі», – адзначыла мігрантка з Украіны Антаніна Ліцінская.

У тым жа Сілезкім ваяводстве за апошні час працадаўцы размясцілі 57 тыс. новых вакансіяў.

«У параўнанні з мінулымі гадамі зацікаўленасць у замежнай працоўнай сіле ў польскіх працадаўцаў павялічылася. Найбольш шукаюць гандляроў, працаўнікоў у галіне апрацоўчай ды будаўнічай прамысловасці», – падкрэсліла працаўніца цэнтру занятасці Катажына Казлоўска.

Адмыслоўцы лічаць, што добры стан эканомікі дазволіць і надалей ствараць новыя працоўныя месцы, якія будуць запаўняцца ў асноўным украінскімі мігрантамі. Але такая сітуацыя можа працягвацца нядоўга.

«Доўгатэрміновы прагноз не мае сэнсу даваць, бо маецца праблема гэтак званага брэкзіту. І невядома, якім чынам, структурна і нарматыўна гэтая праблема развяжацца, на якіх умовах Вялікая Брытанія выйдзе з Еўразвязу і што будзе з нашымі грамадзянамі, якія працуюць, пастаянна ці часова жывуць у гэтай краіне», – заўважыў доктар эканомікі Універсітэту ў Катавіцэ Ярослаў Васовіч.

Тым часам міграцыйная плынь у суседнюю краіну не змяншаецца. Сёлета за дзевяць месяцаў польскі офіс міграцыі запісаў больш за 70 тысяч заявак на жыхарства ад украінскіх грамадзянаў – гэта прыкладна на траціну больш, чым за той жа леташні перыяд.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў