У Польшчы махляры мянялі беларусам рублі на парэзаную паперу


Апеляцыйны суд у Беластоку разгледзеў абскарджанне ў справе двух мужчынаў, якіх вінавацілі ў махлярстве падчас абмену вялікіх сумаў беларускіх рублёў на еўры.

Пацярпелыя грамадзяне Беларусі праз махінацыі страцілі 440 тыс. злотых (амаль 180 тыс. еўраў).

«Выгадны абмен»

У студзені Беластоцкі акруговы суд асудзіў двух жыхароў гораду Яленя Гура на 6,5 і 5 гадоў турмы, а таксама прызначыў штрафы. Згодна з пастановай, асуджаныя мусяць вярнуць пацярпелым страчаныя сумы.

Абарона абвінавачаных хацела прызнання сваіх кліентаў невінаватымі альбо змяншэння пакарання, а пацярпелы – узмацнення пакарання, па 12 гадоў турмы, у той час як пракуратура патрабавала пакінуць у сіле рашэнне суда першай інстанцыі.

Апеляцыйны суд агучыў сваё рашэнне сёння, пакінуўшы ў сіле прысуд на 6,5 і 5 гадоў зняволення, а таксама штрафы.

Мужчынаў вінавацілі ў двух фактах махлярства і ў адной спробе здзейсніць махлярства, якія адбыліся ў 2014 і 2015 гадах у Беластоку і горадзе Остраў-Мазавецка. Беларусам давалі палічыць сапраўдныя банкноты, а пасля давалі ў пакеце парэзаныя карткі паперы.

Паводле пракуратуры, сцэнар злачынства заўжды быў адзін і той жа: пачынаўся ад прапановы турыстам у беластоцкіх шопінг-цэнтрах прадаць мужчынам вялікія сумы беларускіх рублёў. Заахвочвалі выгадным курсаў, які даваў каля 10 % прыбытку ў параўнанні з курсам у банках.

Торба без дна

Каб заваяваць давер «кліентаў», з кожным праводзілі некалькі дробных аперацыяў абмену, каб не выклікаць падазрэнняў. Калі сума была вялікая, махляр карыстаўся пакетам, у якім было два аддзяленні. У адным з іх былі пачкі картак паперу, падобных да еўраў, з двух бакоў якіх былі сапраўдныя купюры.

Пракуратура хацела ў гэтай справе 5 і 3,5 гадоў зняволення і абавязання кампенсаваць шкоду. Пацярпелы ў сваёй апеляцыі прасіў больш суровую кару – па 12 гадоў турмы.

Страціў грошы, быў вымушаны прадаць дом

Абарона аспрэчвала рашэнне акруговага суда. Сцвярджалі, што ў гэтай справе было шмат супярэчнасцяў, а суд урэгуляваў іх не на карысці абвінавачаных. У канчатковых выступах адвакатаў сярод іншага прагучала заява пра «блытанне літаратурнай фантастыкі з жыццём», указваючы на адсутнасць адназначных доказаў, якую суму страцілі беларусы.

На апеляцыйных слуханнях абвінавачаных не было, затое быў беларус, які страціў грошы. У судзе ён заявіў, што ніводзін з абвінавачаных да гэтага часу не прапанаваў яму кампенсаваць хаця б частку страты. У той жа час сам ён, каб разлічыцца з людзьмі, ад якіх атрымаў грошы, каб у Польшчы выгадна памяняць рублі на еўры і на гэтым зарабіць, быў вымушаны прадаць дом.

cez/НМ, belsat.eu, паводле PAP

Глядзі таксама
Каментары